Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Бацькі загінулай на бульбе школьніцы патрабуюць кампэнсацыі, у тым ліку ад старшыні райвыканкаму


Алег і Юля Папчэні пасьля суду ў ліпені 2017 году

Бацькі школьніцы Вікі Папчэні, што загінула пад коламі грузавіка, патрабуюць кампэнсацыі маральнай шкоды ад шэрагу ўстаноў і арганізацый Маладачанскага раёну на суму 50 тысяч рублёў, у тым ліку ад старшыні райвыканкаму Аляксандра Яхнаўца.

З 3 да 12 можа вырасьці колькасьць пазваных у судовым працэсе, які праходзіць у Маладачанскім раённым судзе ў новай справе пра Віку Папчэню. Бацькі вучаніцы СШ № 11 Маладэчна Вікі Папчэні, якая загінула пад коламі грузавіка на ўборцы бульбы ў верасьні 2016 году, падалі грамадзянскі пазоў аб кампэнсацыі маральнай шкоды за сьмерць дачкі.

Першапачаткова Алег і Юлія Папчэні заявілі пазоў у 50 тысяч рублёў да трох арганізацый: прадпрыемства «Ўсход-Агра», на полі якога загінула школьніца, таварыства «Хоўхлава», чый грузавік спрычыніўся да трагедыі, а таксама да аддзелу адукацыі, спорту і турызму Маладачанскага райвыканкаму, які накіроўваў дзяцей на ўборку бульбы. На судовым паседжаньні ў сьнежні 2016 году судзьдзя Ігар Гарановіч вырашыў далучыць да ліку пазваных яшчэ адну арганізацыю і тры асобы — аддзел адукацыі, спорту і турызму Маладачанскага райвыканкаму, кіроўцу грузавіка Паўла Цыбіна і настаўніц 11-й Маладачанскай школы Ірыну Апанасевіч і Вольгу Завадзкую.

Пасьля гэтага Алег і Юля Папчэні заявілі хадайніцтва аб прызнаньні пазванымі яшчэ 5 асобаў: старшыню Маладачанскага райвыканкаму Аляксандра Яхнаўца, начальніцу аддзелу адукацыі, спорту і турызму райвыканкаму Іну Драпезу, былога намесьніка дырэктара СШ № 11 Дзяніса Курца ды кіраўніка і брыгадзіра сельгаспрадпрыемства «Ўсход-Агра», якія непасрэдна прымалі дзяцей на бульбе і адказвалі за арганізацыю ўборачных работ.

Рашэньне аб тым, ці будзе задаволенае новае хадайніцтва бацькоў Вікі Папчэні, стане вядомае на чарговым судовым паседжаньні суду, якое адбудзецца 17 студзеня.

У 2017 годзе Маладачанскі раённы суд за датычнасьць да сьмерці Вікі Папчэні асудзіў настаўніц Ірыну Апанасевіч і Вольгу Завадзкую да 2 гадоў абмежаваньня волі і штрафу 100 базавых велічынь кожную. Кіроўца Павал Цыбін атрымаў 3 гады абмежаваньня волі.

Ваша меркаваньне

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG