Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Валянцін Стэфановіч настойвае, каб за сьмерць маладэчанскай школьніцы на бульбе быў пакараны старшыня райвыканкаму


Валянцін Стэфановіч
Валянцін Стэфановіч

Праваабаронца «Вясны» Валянцін Стэфановіч зьвярнуўся ў пракуратуру Менскай вобласьці са скаргай, у якой настойвае, каб супраць маладэчанскіх чыноўнікаў была распачата крымінальная справа за сьмерць школьніцы на бульбе.

Паводле Стэфановіча, да адказнасьці павінны быць прыцягнутыя старшыня Маладэчанскага райвыканкаму Аляксандар Яхнавец і начальнік аддзелу адукацыі Іна Драпеза, якія выдалі незаконныя, на яго погляд, распараджэньні накіраваць школьнікаў на збор бульбы.

Ранейшая заява праваабаронцы па гэтым пытаньні была далучаная да крымінальнай справы.

«Я так і ня быў належным чынам праінфармаваны пра вынікі разгляду маёй заявы, што наводзіць мяне на думку пра ігнараваньне службовымі асобамі Сьледчага камітэту пазначаных у маёй заяве фактаў.

Лічу, што праверка па маёй заяве была праведзеная неналежным чынам, і замест таго, каб разгледзець маю заяву па сутнасьці, даць прававую ацэнку дзеяньням службовых асобаў Маладэчанскага райвыканкаму на прадмет наяўнасьці ў іх дзеяньнях складу злачынства, як таго патрабуе арт. 174 КПК Рэспублікі Беларусь, мая заява была далучаная да матэрыялаў крымінальнай справы „ў якасьці крыніцы доказаў“.

Лічу, што ў дзеяньнях службовых асобаў Маладэчанскага райвыканкаму Яхнаўца і Драпезы ўглядаецца склад службовага злачынства», — піша ў скарзе ў пракуратуру Валянцін Стэфановіч.

Праваабаронца лічыць асабліва цяжкім наступствам гібель у выніку няшчаснага выпадку падчас зьбіраньня бульбы васьміклясьніцы Вікі Папчэні. Яе на працу накіравала адміністрацыя школы № 11 па распараджэньні службовых асобаў райвыканкаму.

«Прыцягненьне супрацоўнікаў, навучэнцаў прадпрыемстваў і навучальных установаў раёну для працаў па прыборцы бульбы адміністрацыйнымі захадамі ў мэтах эканамічнага разьвіцьця раёну мела відавочна мабілізацыйны характар, што дазваляе кваліфікаваць гэтую практыку як прымусовую працу», — піша Валянцін Стэфановіч.

Праваабаронца просіць пракуратуру Менскай вобласьці правесьці дадатковую праверку і распачаць супраць чыноўнікаў крымінальную справу.

12 ліпеня суд Маладэчанскага раёну абвясьціў прысуд у справе гібелі на бульбе 13-гадовай Вікі Папчэні.

Выкладчыц францускай мовы Вольгу Завадзкую і фізыкі Ірыну Апанасевіч, абвінавачаных у неналежным выкананьні абавязкаў па гарантаваньні бясьпекі жыцьця і здароўя дзяцей, што пацягнула за сабой па неасьцярожнасьці сьмерць васьміклясьніцы Вікі Папчэні, прыгаварылі да 2 гадоў абмежаваньня волі без накіраваньня ў месцы зьняволеньня і да штрафаў у памеры 100 базавых велічынь (2300 рублёў).

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG