Пра гэта паведаміў радыёстанцыі «Эхо Масквы» першы намесьнік старшыні рады дырэктараў банку Алег Сысуеў. «Гэта ня значыць, што мы ўвадначасьсе парвалі зь імі адносіны. Мы імкнёмся максымальна скараціць рызыкі», — адзначыў Сысуеў. Ён падкрэсьліў, што прадпрыемствы абароннага комплексу складалі значную частку крэдытнага партфэлю «Альфа-банку».
Саўладальнік «Альфа-банка» Міхаіл Фрыдман раней у інтэрвію часопісу «Форбс» на пытаньне аб тым, як адбіліся санкцыі на абслугоўваньні банкам расейскіх абаронных прадпрыемстваў, адказаў: «Вядома, мы адтуль сышлі». Ён падкрэсьліў, што ні ў банку, ні ў прадпрыемстваў ВПК у сувязі з гэтым не ўзьнікла праблемаў.
Злучаныя Штаты ў сувязі з анэксіяй Крыму, вайной на ўсходзе Ўкраіны і меркаваным умяшаньнем Расеі ў выбары прэзыдэнта ЗША ўвялі санкцыі супраць шэрагу расейскіх фізычных і юрыдычных асобаў, у тым ліку некаторых абаронных прадпрыемстваў і дзяржаўных структураў, такіх як Фэдэральная служба бясьпекі. Закон, прыняты ў мінулым годзе Кангрэсам, прадугледжвае, што амэрыканская адміністрацыя можа пашырыць санкцыйны сьпіс за кошт асобаў і арганізацыяў, якія супрацоўнічаюць з расейскімі сілавымі структурамі і вайскова-прамысловым комплексам.