Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Сырыі разьбіўся расейскі верталёт Мі-24, абодва пілёты загінулі


Мі-24. Архіўнае фота.
Мі-24. Архіўнае фота.

У Сырыі 31 сьнежня разьбіўся расейскі ваенны верталёт Мі-24. Пра гібель двух членаў экіпажу паведаміла міжнародная група расьсьледаваньняў Conflict Intelligence Team са спасылкай на публікацыі ў сацыяльных сетках і на спэцыялізаваных форумах.

Вядома, што адзін з загінулых — маёр Арцём Куліш, а прозьвішча другога — Мацьвееў. Верталёт, у якім яны знаходзіліся, суправаджаў канвой у правінцыі Хама і зачапіў лінію электраперадач. У паведамленьні Conflict Intelligence Team падкрэсьліваецца, што месца крушэньня знаходзіцца ў так званай «зоне дээскаляцыі». Невядома, ці быў канвой, пра які гаворыцца, гуманітарны або баявы.

Гібель верталёта і абодвух яго пілётаў пацьвердзілі ў Міністэрстве абароны Расеі. У ведамстве сьцьвярджаюць, што крушэньне адбылося ў выніку «тэхнічнай няспраўнасьці». Таксама паведамляецца, што бортмэханік атрымаў траўмы і эвакуяваны на авіябазу Хмэймім. У Мінабароны Расеі падкрэсьліваюць, што агонь па верталёту ня вёўся, перадае агенцтва «Інтэрфакс».

З верасьня 2015 году Расея праводзіць ваенную апэрацыю ў Сырыі. У канцы сьнежня кіраўнік Міністэрства абароны РФ Сяргей Шайгу паведаміў аб вывадзе з краіны асноўнай часткі расейскіх войскаў, а таксама аб фарміраваньні пастаяннай групоўкі на ваенных базах Хмэймім і Тартус. Афіцыйных дадзеных аб колькасьці расейскага кантынгенту ў Сырыі і яго стратах пакуль няма. Па паведамленьнях СМІ, толькі за 2017 год у Сырыі загінулі як найменей 40 расейскіх вайскоўцаў.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG