Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Расея робіць вайскова-марскую базу ў Сырыі пастаяннай


Ілюстрацыйнае фота. Расейскі вайсковы карабель «Адмірал Кузьняцоў» у сырыйскім порце Тартус, 8 студзеня 2012 году

Савет фэдэрацыі, верхняя палата расейскага парлямэнту, 26 сьнежня ўхваліў закон аб ратыфікацыі пагадненьня паміж Масквой і сырыйскім урадам Башара Асада аб дысьлякацыі расейскіх войскаў на вайскова-марской базе ў міжземнаморскім порце Тартус. Гэта пагадненьне было падпісана ў Дамаску яшчэ 18 студзеня.

Пагадненьне дазваляе вайскова-марскому флёту Расеі пашыраць сваю тэхнічную падтрымку і матэрыяльна-тэхнічную базу, а таксама санкцыянуе знаходжаньне расейскіх караблёў у тэрытарыяльных водах Сырыі, унутраных водах і партах. 11 расейскіх вайсковых караблёў адначасова будуць разьмешчаныя ў порце Тартус.

Гэта пагадненьне дзейнічае з моманту яго падпісаньня 49 гадоў з магчымым працягам яшчэ на 25 гадоў.

Расейскія вайскоўцы таксама захоўваюць прысутнасьць у Сырыі на авіябазе Хмэймім у правінцыі Лятакія.

Расейская ваенная кампанія ў Сырыі пачалася 30 верасьня 2015 году. Міжнародная кааліцыя для барацьбы з радыкальнымі ісламістамі ў Сырыі на чале з ЗША неаднаразова абвінавачвала Маскву ў падтрымцы рэжыму прэзыдэнта Сырыі Башара Асада, якога краіны Захаду вінавацяць у масавых парушэньнях правоў чалавека.

6 сьнежня Генэральны штаб Расеі абвясьціў, што тэрарысты «Ісламскай дзяржавы» ў Сырыі пераможаныя, а прэзыдэнт Расеі Ўладзімір Пуцін загадаў пачаць вывад расейскіх войскаў з Сырыі. У адміністрацыі ЗША выказалі сумневы з нагоды заявы расейскіх уладаў аб разгроме «Ісламскай дзяржавы» і вывадзе расейскіх войскаў з Сырыі.

Ваша меркаваньне

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG