Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Украінскія ўлады і сэпаратысты дамовіліся аб абмене палоннымі 27 сьнежня


Абмен палоннымі ў Луганскай вобласьці ў кастрычніку 2015 году
Абмен палоннымі ў Луганскай вобласьці ў кастрычніку 2015 году

Заява была зроблена 25 сьнежня сэпаратысцкімі лідэрамі і прадстаўніком ураду Ўкраіны ў тэлевізійных камэнтарах пасля сустрэчы ў Маскве. Сустрэчу падтрымаў кіраўнік Расейскай праваслаўнай царквы патрыярх Кірыл.

Прадстаўнік Украіны на перамовах Віктар Медзьвядчук сказаў, што Кіеў гатовы выпусьціць 306 чалавек і спадзяецца, што сэпаратысты вызваляць 74 чалавекі. Лідэр сэпаратыстаў Аляксандр Захарчанка ў сваю чаргу падцьвердзіў, што абодва бакі пагадзіліся, а абмен будзе праводзіцца «па формуле 306 на 74».

Не адразу стала ясна, ці распаўсюджваецца гэта на ўсіх ваеннапалонных. У некаторых паведамленьнях гаворыцца, што ва Украіне ёсьць 306 сэпаратысцкіх байцоў, у той час як у палоне ў сэпаратыстаў знаходзяцца 74 урадавых салдаты. Аднак, патрыярх Кірыл сказаў, што ён спадзяецца, што «маючы адбыцца абмен вязьнямі пачне працэс, таму што ня ўсе з тых, хто застаецца ў палоне... уключаны ў сьпіс».

На сустрэчы ў Менску 20 сьнежня прадстаўнікі Расеі, Украіны, сэпаратыстаў і Арганізацыі бясьпекі і супрацоўніцтва ў Эўропе (АБСЭ) заявілі, што яны дамовіліся аб спыненьні агню ад поўначы 23 сьнежня. Пагадненьне аб спыненьні агню было ўзгоднена «у сувязі з надыходзячымі каляднымі і навагоднімі сьвятамі» і існуючымі пагадненьнямі і абавязаньнямі, гаворыцца ў заяве АБСЭ.

Аднак ужо 25 сьнежня абодва бакі канфлікту абвінавацілі адзін аднаго ў парушэньні пагадненьня аб спыненьні агню.

У Данбасе за тры гады вайны загінулі больш за тры тысячы мірных жыхароў. Кіеў і краіны Захаду абвінавачваюць Крэмль у падтрымцы сэпаратыстаў. Масква афіцыйна не прызнае гэтыя абвінавачваньні, а расейскіх грамадзян, якія ваююць супраць арміі Ўкраіны, называе «добраахвотнікамі».

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG