Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Больш няма перашкодаў для бізнэсу». Пра што Лукашэнка казаў на сустрэчы з прадпрымальнікамі


Аляксандар Лукашэнка

22 сьнежня Аляксандар Лукашэнка сустрэўся з прадстаўнікамі дзелавых колаў і зрабіў шэраг заяваў. Свабода падрыхтавала падборку ягоных выказваньняў паводле дзяржаўнага інфармагенцтва БелТА.

Стымуляваць дзелавую актыўнасьць

«Нас аб’ядноўвае адно: дакладнае разуменьне таго, што малы і сярэдні бізнэс — найважнейшы складнік устойлівага разьвіцьця эканомікі, а значыць, і існаваньня дзяржавы.

Прадстаўнікі дзяржаўных органаў і прадпрымальнікі правялі маштабную працу дзеля паляпшэньня бізнэс-клімату і стымуляваньня дзелавой актыўнасьці. Выступалі з ініцыятывамі, абмяркоўвалі падрыхтаваныя дакумэнты, уносілі прапановы па іх дапрацоўцы».

Зьняць перашкоды для бізнэсу

«У Беларусі больш няма перашкодаў для прадпрымальніцкай дзейнасьці. Ключавым з прынятых дакумэнтаў зьяўляецца дэкрэт, у якім гаворка ідзе пра тое, каб даць людзям магчымасьць разьвіваць сваю справу, а ня думаць пра шматлікія бюракратычныя фармальнасьці.

Хочаш займацца бізнэсам — ідзі і працуй! Больш ніякіх перашкодаў гэтаму няма. Дастаткова падаць адно-адзінае апавяшчэньне ў выканкам — і ўсё, на наступны дзень можна прыступаць да працы».

Спыніць беспадстаўны кантроль

«Беспадстаўнага кантролю прадпрымальнікаў быць не павінна. Нярэдкія выпадкі, калі прадстаўнікі кампэтэнтных органаў прыходзяць без усялякіх падставаў. Катэгарычна патрабую гэта выключыць.

Калі чалавек хоча нешта рабіць, не перашкаджайце яму, а дапамажыце. Калі ён чагосьці ня ведае, растлумачце. Толькі такім стаўленьнем мы зможам забясьпечыць максымальную самазанятасьць людзей».

Скасаваць падатковых пасярэднікаў

«Хачу перасьцерагчы падатковыя органы: ня ўздумайце перакладаць сваю працу на падатковых кансультантаў або навязваць бізнэсу іх паслугі. Кіраўнік прадпрыемства павінен сам вырашаць, ці трэба яму зьвяртацца да падатковага пасярэдніка.

У студзені ўрад пачне маштабную перапрацоўку Падатковага кодэксу. Ён павінен быць простым і зразумелым. А галоўнае — здольным падтрымліваць эканамічную дзейнасьць, а не прымушаць суб’екты гаспадараньня шукаць шчыліны для сыходу ад фінансавых і падатковых абавязаньняў».

Абмежаваць апэтыты сілавікоў

«Даўно пара выкараніць так званую „галачна-палкавую“ сыстэму справаздачнасьці кантрольных і сілавых органаў, калі ў аснову ставяцца сумы штрафаў, колькасьць выяўленых правапарушэньняў і крымінальных спраў.

Усе прапановы бізнэс-асяродзьдзя ад гэтага часу становяцца абавязковымі для разгляду».

Забясьпечыць занятасьць насельніцтва

«У нас каля паўмільёна працаздольных грамадзян не занятыя ў эканоміцы краіны. Стварэньне працоўных месцаў павінна стаць асноўным паказьнікам эфэктыўнасьці працы кіраўнікоў дзяржорганаў. Наша задача — не ствараць перашкодаў для добрасумленных прадпрымальнікаў, не абмяжоўваць права бізнэсоўцаў на разумную рызыку.

Цяпер малы і сярэдні бізнэс — гэта кожны чацьвёрты рубель у валавым унутраным прадукце, траціна інвэстыцый у эканоміку, кожнае трэцяе працоўнае месца. Гэта ўжо нямала, але трэба больш».

Прымусіць чыноўнікаў дапамагаць бізнэсу

«Маё патрабаваньне да службовых асобаў усіх узроўняў — ад старшыні сельскага савету да міністра. Выконвайце ня толькі літару, але і дух прынятых рашэньняў. Усяго ў законах не прапішаш.

Кожны кіраўнік, які прадстаўляе дзяржаўную ўладу, пры ажыцьцяўленьні кантактаў зь бізнэсам павінен прытрымлівацца адзінай формулы. Калі закон дазваляе дапамагчы — дапамажы! Калі закон не дазваляе дапамагчы — не перашкаджай! Калі закон патрабуе ўмяшацца — тады дзейнічай».

Прызнаць абаронцу правоў прадпрымальнікаў

«Некаторыя міжнародныя арганізацыі вылучаюць умовай для далейшага фінансавага супрацоўніцтва ўвядзеньне інстытуту ўпаўнаважанага па праблемах прадпрымальніцтва. Перадайце ім, што такі ўпаўнаважаны ў Беларусі ёсьць — прэзыдэнт. Гэта мой абавязак — прыняць рашэньне, пракантраляваць выкананьне.

Маштабы задач, якія стаяць перад бізнэс-супольнасьцю, пастаянна будуць патрабаваць шырокага абмеркаваньня і апэратыўнага рэагаваньня».

Прыцягнуць бізнэсоўцаў у палітыку

«Я нават настойваю, каб бізнэсоўцы ўдзельнічалі ў палітыцы. Але каб потым не было крыўдаў: у палітыцы іншыя законы і правілы. Паспрабуйце перабудавацца ў сваім жыцьці з эканомікі на палітыку, і ўсё будзе нармальна. Ні ў якім разе ня трэба зьмешваць гэтыя паняцьці і блытаць іх.

Што тычыцца скаргаў з боку пэўных палітызаваных структураў — маўляў, не запрасілі на сустрэчу... У нас не палітычная нарада. Усіх паклікаць не маглі. З тымі, хто крыўдзіцца, сустрэнемся на парлямэнцкіх, прэзыдэнцкіх выбарах, дзе больш палітыкі, чым бізнэсу».


Лукашэнка падпісаў «ІТ-дэкрэт», «каб сусьветныя кампаніі прыходзілі ў Беларусь»

XS
SM
MD
LG