Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Названыя «Чэмпіёны грамадзянскай супольнасьці» 2017 году. Хто яны?


Узнагароды «Чэмпіёнам грамадзянскай супольнасьці», ілюстрацыйнае фота

Асамблея няўрадавых дэмакратычных арганізацыяў (НДА) назвала ляўрэатаў дзявятай прэміі «Чэмпіёны грамадзянскай супольнасьці». Цырымонія ўзнагароджаньня адбылася ўвечары 21 сьнежня ў Менску, паведамляе БелаПАН.

Званьнем «Грамадзкі лідэр году» ўганараваны Сяргей Драздоўскі — каардынатар Офісу па правах людзей з інваліднасьцю, лідэр кампаніі «Парадак 50» па імплемэнтацыі палажэньняў Канвэнцыі аб правах людзей з інваліднасьцю, якая разгарнулася ў пяці беларускіх гарадах.

У намінацыі «Кампанія году» адзначаныя акцыі ў абарону Курапатаў.

Пераможцамі ў намінацыі «Новая ініцыятыва» сталі «Дзея» і «Хайсы».

Грамадзкі рух «Дзея» атрымаў узнагароду за ініцыятыву па ўсталяваньні помніка слуцкім паўстанцам, рашэньне мясцовых праблемаў у Вілейцы (Менская вобласьць), ініцыятыву Legalize Belarus і пераклад Грамадзянскага кодэксу на беларускую мову.

Ініцыятыва «Хайсы» — грамадзкая ініцыятыва, створаная ў 2014 годзе, якая дамагаецца расьсьледаваньня сталінскіх забойстваў і ўшанаваньня памяці ахвяраў ля вёскі Хайсы пад Віцебскам. Ініцыятыва апублікавала інфармацыю пра месцы масавых расстрэлаў пад Віцебскам у гады сталінскага тэрору, што справакавала раскопкі на мясцовасьці, шэраг мэмарыяльных акцыяў, дасьледаваньні з боку НАН Беларусі і знаходкі першых імёнаў загінулых.

Найбольш заўважнай рэгіянальнай падзеяй году, паводле вэрсіі Асамблеі НДА, сталі «Маршы недармаедаў», якія прайшлі ў гэтым годзе ў розных рэгіёнах Беларусі.

У намінацыі «Партнэрства году» пераможцам названыя «Беларускія ўік-энды», у межах якіх грамадзкая ініцыятыва «КінаКонг» разам зь дзяржаўнымі ўстановамі кінапракату, кампаніямі velcom, «Атлант Тэлеком» і Польскім інстытутам у Менску ажыцьцявілі сэрыю паказаў беларускамоўных вэрсіяў фільмаў у шэрагу беларускіх гарадоў.

Ганаровае званьне «Крэатыў году» атрымала праведзеная 29 кастрычніка сумесная ініцыятыва «Ноч расстраляных паэтаў» памяці 22 расстраляных карнікамі НКВД 29 кастрычніка 1937 году пісьменьнікаў.

Узнагароду «Гарбуз» году», якая ўручаецца за нэгатыўныя дзеяньні ў дачыненьні да арганізацыяў грамадзянскай супольнасьці і іх прадстаўнікоў, журы прысудзіла КДБ за ўзбуджэньне крымінальнай справы па «факце» навучаньня і падрыхтоўкі да ўдзелу ў масавых беспарадках. Па «справе Белага легіёну» было затрымана больш за 30 чалавек — былых актывістаў арганізацыі «Белы легіён» і спартова-патрыятычнага клюбу «Патрыёт».

У намінацыі «Журналіст або мэдыя году» перамог гомельскі блогер Максім Філіповіч, які стаў папулярным на хвалі пратэстаў супраць «падатку на дармаедаў»: у сваім блогу ён расказваў, што страціў працу без тлумачэньня прычынаў, меў праблемы з пошукам новай, даваў парады іншым беспрацоўным, пазьней неаднойчы быў асуджаны і асьвятляў у блогу суды, на якіх адстойваў свае правы, а потым пачаў публікаваць відэа з акцыяў пратэсту супраць «падатку на дармаедаў».

Лепшай супольнасьцю НДА ў сацыяльных сетках у намінацыі «Мэдыяактыўнасьць году», на думку арганізатараў прэміі, быў пошукавы атрад «Анёл» — першы ў Беларуси добраахвотны рух па аказаньні дапамогі ў пошуку людзей, якія зьніклі бязь вестак. Адной з найбольш маштабных акцыяў, якія ўзначалілі валянтэры «Анёлу», сталі пошукі зьніклага ў Белавескай пушчы 11-гадовага Максіма Мархалюка.

Прэміяй «Чэмпіёны грамадзянскай супольнасьці» ўзнагароджваюць выбітных асобаў, арганізацыі, а таксама адзначаюць падзеі, якія былі знакавымі для разьвіцьця трэцяга сэктару Беларусі. У гэтым годзе ляўрэатаў вызначылі шляхам галасаваньня 110 сябраў рабочай групы Асамблеі НДА, спэцыяльна запрошаных экспэртаў — лідэраў розных арганізацыяў, журналістаў, якія пішуць пра трэці сэктар, і ляўрэатаў прэміі.

XS
SM
MD
LG