Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ЗША наклалі санкцыі на 2 расейскія кампаніі за парушэньні Дамовы аб кантролі над узбраеньнямі


Міністэрства гандлю ЗША абвясьціла пра новыя ліцэнзійныя і экспартныя абмежаваньні для дзьвюх расейскіх кампаній, якія працуюць на вайскова-прамысловы комплекс: канструктарскага бюро «Наватар» і навукова-вытворчага цэнтру «Тытан-Барыкады».

Як гаворыцца ў паведамленьні міністэрства ад 19 сьнежня, гэтыя кампаніі адказныя за вытворчасьць крылатых ракет, забароненых Дамовай аб кантролі над узбраеньнямі, заключанай паміж Савецкім Саюзам і Злучанымі Штатамі ў 1987 годзе (пра ліквідацыю ракет малой і сярэдняй дальнасьці).

«Гэтыя кампаніі вырабляюць для расейскага Міністэрства абароны комплексы крылатых ракет наземнага базаваньня з дальнасьцю палётаў, забароненай у рамках Дамовы аб ракетах сярэдняй і малой дальнасьці. Таму ёсьць дастаткова падстаў лічыць, што яны былі прыцягнутыя да дзеяньняў, якія супярэчаць нацыянальнай бясьпецы або зьнешнепалітычным інтарэсам Злучаных Штатаў», — гаворыцца ў паведамленьні.

У Міністэрстве замежных спраў Расеі скрытыкавалі рашэньне ЗША, назваўшы абвінавачваньні «беспрадметнымі».

«Нам да санкцыяў не прывыкаць. ЗША захоплена займаюцца іх укараненьнем супраць нас амаль чатыры гады, а расейская эканоміка і вайсковая моц толькі мацнеюць. Ілюзіі некаторых амэрыканскіх палітыкаў, што нас можна запалохаць, толькі выдаюць іх поўнае няведаньне Расеі і небясьпечную недальнабачнасьць», — сказаў намесьнік міністра замежных спраў Сяргей Рабкоў.

Масква раней у гэтым месяцы заяўляла, што гатовая весьці перамовы з ЗША пра выкананьне Дамовы аб ліквідацыі ракет малой і сярэдняй дальнасьці, у выніку падпісаньня якой быў ліквідаваны цэлы кляс балістычных ракет у Эўропе і зьявіўся мэханізм, які дазваляў правяраць выкананьне дамовы.

Вашынгтон абвінавачваў Расею, што тая парушае дамову. Высокапастаўлены чыноўнік Дзярждэпартамэнту ЗША заявіў у мінулым месяцы, што Расея распрацавала крылатую ракету зь ядзерным патэнцыялам «зь відавочным парушэньнем» дамовы. Таксама ў мінулым месяцы міністар абароны ЗША заявіў, што «шмат» краінаў NATO маюць доказы таго, што Расея не выконвае пагадненьне.

Міністар замежных спраў Расеі Сяргей Лаўроў у кастрычніку заявіў, што Масква, якая адмаўляе абвінавачваньні ЗША, сама занепакоеная магчымымі парушэньнямі пагадненьня з боку Вашынгтону.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG