Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Кангрэс ЗША гатовы адказаць на парушэньне Расеяй дамовы аб зьнішчэньні ракет


Архіўнае фота. Міхаіл Гарбачоў і Рональд Рэйган падпісваюць Дамову аб ліквідацыі ракет сярэдняй і меншай далёкасьці. 8 сьнежня 1987 году

Амэрыканскія заканадаўцы маюць намер вылучыць 58 мільёнаў даляраў у якасьці адказу на парушэньне Расеяй савецка-амэрыканскай Дамовы аб ліквідацыі ракет сярэдняй і меншай далёкасьці (РСМД), падпісанай у 1987 годзе, паведамляе амэрыканская прэса.

Чальцы Палаты прадстаўнікоў і Сэнату ўзгаднілі так званы Акт аб штогадовых абаронных выдатках, куды ўключаная адпаведная мера.

Злучаныя Штаты два гады таму публічна заявілі пра тое, што Расея парушыла гэтую дамову, разьмясьціўшы ў эўрапейскай частцы краіны крылатыя ракеты з ядзернымі боегалоўкамі. Некаторыя заканадаўцы выступілі з заклікамі адмовіцца ад выкананьня гэтай дамовы.

Аднак, па словах супрацоўнікаў Кангрэсу, замест гэтага заканадаўцы маюць намер вылучыць грошы на дасьледаваньні і разьвіцьцё тэхналёгіяў, якія дазволяць ЗША ў выпадку неабходнасьці падтрымаць парытэт з Расеяй па ракетах сярэдняй і меншай далёкасьці. Аўтары законапраекту падкрэсьліваюць, што падобныя дасьледаваньні не супярэчаць дамове. У законапраекце таксама зьмяшчаецца палажэньне аб парушэньні Расеяй дадзенай дамовы і агаворваюцца ўмовы для магчымага прыпыненьня Злучанымі Штатамі яе дзеяньня. Заканадаўцы ўключылі пункт з патрабаваньнем да Белага дому ідэнтыфікаваць афіцыйных асобаў з палітычнага і ваеннага кіраўніцтва Расеі, якія маюць дачыненьне да парушэньня дамовы РСМД. Гэтая мера можа стаць базісам для ўвядзеньня ў дачыненьні да іх санкцыяў.

Ваша меркаваньне

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG