У Расеі завершана работа над дзяржаўнай праграмай узбраеньняў на 2018-2027 гады. Фінальная вэрсія праграмы, як паведамляе «Коммерсант», накіравана на подпіс Уладзіміру Пуціну.
Чакаецца, што ён падпіша праграму ў бліжэйшыя дні, а афіцыйна пра гэта абвесьцяць 22 сьнежня на выніковай калегіі Мінабароны.
Праграма, па словах крыніцы выданьня ў адным з сілавых ведамстваў, прадугледжвае, што Міністэрства абароны Расеі атрымае на пераўзбраеньне каля 19 трыльёнаў рублёў (амаль 300 мільярдаў даляраў), а МУС, ФСБ, СВР і Росгвардия — больш за тры трыльёны рублёў.
Па дадзеных выданьня, прыярытэтнымі напрамкамі новай праграмы стануць сыстэмы ядзернага стрымліваньня, высокадакладная зброя, зброя на «новых фізычных прынцыпах» і разьвіцьцё сілаў агульнага прызначэньня, якія, як адзначаюць крыніцы выданьня, апошні час былі недафінансаваныя.
Таксама да 2027 года заплянаваны больш за дзесяць досьледна-канструктарскіх работ па стварэньні пэрспэктыўных караблёў, паведамляе «Коммерсант».