Незалежных пацьверджаньняў гібелі Абдалы Салеха не паступала.
Партыя Салеха ў размове з агенцтвам Reuters адмаўляла зьвесткі аб гібелі былога прэзыдэнта і сьцьвярджала, што той працягвае кіраваць баямі супраць паўстанцаў-хуці, якія ідуць у сталіцы краіны Сане.
Гарадзкія баі ў сталіцы Емэну пачаліся 2 сьнежня, пасьля таго, як распаўся альянс сілаў Абдалы Салеха і хуці. Апошнія тры гады гэтаму альянсу належала ўлада ў горадзе.
Хуці абвінавацілі Салеха ў дзяржаўнай здрадзе пасьля таго, як той прапанаваў кааліцыі арабскіх краінаў на чале з Савудаўскай Арабіяй «перагарнуць старонку» і спыніць узброены канфлікт і блякаду краіны.
Абдала Салех кіраваў Емэнам каля 33 гадоў. Ён стаў прэзыдэнтам Паўночнага Емэну ў 1978 годзе і заняў пасаду лідэра пасьля аб’яднаньня з Паўднёвым Емэнам у 1990. У 2011, падчас Арабскай вясны, пачаліся пратэсты супраць яго кіраваньня, у 2012 годзе яму давялося сысьці ў адстаўку і адправіцца ў выгнаньне.
У 2014 годзе ён вярнуўся ў краіну і аб’яднаў свае сілы з паўстанцамі-хуці, якія на той момант кантралявалі вялікую частку тэрыторыі краіны. Паўстанцкі рух атрымлівае падтрымку з боку шыіцкага Ірану.
Ад 2015 году кааліцыя арабскіх краінаў на чале з Савудаўскай Арабіяй падтрымлівае ўрад прэзыдэнта Абдрабо Мансура Хадзі. Цяпер сілы кааліцыі кантралююць увесь усход і поўдзень краіны, уключаючы важны для Емэну порт Адэн.