Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Гадыцкі-Цьвірка Казімір Тадэвушаў. Нарадзіўся ў Менску. Дакладная дата нараджэньня невядомая. Дата і месца сьмерці невядомыя.

«Дробны панок зь Меншчыны», — так пісаў А. Луцкевіч пра К. Гадыцкага-Цьвірку ў артыкуле «Самазванцы» (1921), аднак у Энцыкляпэдыі гісторыі Беларусі напісана, што нарадзіўся ён у Менску. У гісторыка Д. Міхалюк можна прачытаць, што гэты панок вучыўся ў тэхнічнай школе ў Кракаве. У 1917 прозьвішча Гадыцкі-Цьвірка сустракаецца ў сьпісе сябраў Беларускай народнай партыі сацыялістаў. Зь літаратуры можна даведацца, што ён быў дэпутатам Менскага губэрнскага земскага сходу і ўдзельнікам Усебеларускага Зьезду. Разам з Р. Скірмунтам, П. Алексюком, К. Кандратовічам ды інш. ён быў сябрам Менскага Беларускага Народнага Прадстаўніцтва і разам зь імі кааптаваны 12.04.1918 у Раду БНР. Пэўна, у Прадстаўніцтве Гадыцкі-Цьвірка адыгрываў не апошнюю ролю. Як вядома, сябры Прадстаўніцтва, стаўшы сябрамі Рады, утварылі ў ёй Фракцыю цэнтру. Гадыцкі-Цьвірка прадстаўляў гэтую фракцыю ў сэньёрэн-канвэнце Рады. 1.05 ён стаў, апроч таго, сябрам Фінансавай камісіі. Быў таксама адным з заснавальнікаў культурна-асьветніцкага таварыства «Бацькаўшчына» і скарбнікам выдавецкага каапэратыўнага таварыства «Заранка».

Калі ў самым канцы лістапада 1918 частка радных і сябраў Ураду БНР падалася спачатку ў Вільню, а потым у Горадзен, Цьвірка быў зь імі. У Горадне ён арганізаваў культурна-адукацыйнае таварыства «Лучына». У літаратуры можна прачытаць і такое: старшыня Рады Міністраў БНР Луцкевіч даручаў Гадыцкаму-Цьвірку арганізацыю беларускага войска, аднак праз пэўны час той у газэце «Наше Утро» (Горадзен) заявіў, што з фармаваньнем беларускіх аддзелаў ня мае нічога супольнага.

Вядома, што нямецкія акупацыйныя ўлады, ідучы насустрач пажаданьням Літоўскай Дзяржаўнай Рады, перадалі Літве значную частку Віленскай, Горадзенскай ды Менскай губэрняў. Аднак у Тарыбы не хапала адміністратараў для гэтых тэрыторый. А галоўнае было ў тым, што этнічна гэта былі тэрыторыі беларускія, жыхары якіх не разумелі і не жадалі разумець літоўскую мову. Літоўскі ўрад рад-няволя мусіў даць гэтым тэрыторыям аўтаномію, а для кіраваньня імі стварыць Міністэрства беларускіх спраў на чале з Я. Варонкам. Для кіраваньня ж паветамі міністар беларускіх спраў у сьн. 1918 прызначыў камісараў. І Гадыцкі-Цьвірка стаў камісарам Наваградзкага павету.

На перашкодзе беларускім камісарам стаялі нямецкія акупацыйныя ўлады і падтрыманыя імі польскія парафіяльныя ды павятовыя рады. Немцы ж дзейнічалі ў адпаведнасьці з патрабаваньнямі Антанты, перш-наперш Францыі, якая апекавалася Польшчаю і ў сфэру інтарэсаў якой трапіла Беларусь. Да таго ж 27.12 у Наваградак прыйшла Чырвоная армія. Рэалізавацца як камісар Гадыцкі-Цьвірка ня мог.

У дзёньніку Луцкевіча зафіксавана, што ў студз. 1919 Гадыцкі-Цьвірка езьдзіў у Варшаву і сустракаўся там з княгіняй М. Радзівіл. З кім сустракаўся яшчэ — невядома, але ад княгіні ён пачуў, што яна супраць збліжэньня Беларусі з Польшчай. Тым часам у Горадні дзейнічаў камісар польскага ўраду на Горадзенскую акругу С. Іваноўскі, малодшы брат міністра асьветы БНР В. Іваноўскага. У задачу камісара ўваходзіла перацягнуць на бок Польшчы калі ня ўсіх, дык хоць частку дзеячоў БНР. Палякам хацелі, каб гэтыя дзеячы выказаліся за далучэньне Беларусі да Польшчы. Голас такіх дзеячоў яны жадалі выкарыстаць як голас усяго беларускага народу на Мірнай канфэрэнцыі ў Парыжы. Якраз да таго часу, як Луцкевіч вырашыў ехаць у Парыж, Іваноўскаму-малодшаму ўдалося схіліць на свой бок Гадыцкага-Цьвірку.

23.03.1919 Гадыцкі-Цьвірка — як прэзыдэнт «Беларускай краёвай народнай рады» — і сябар гэтай «рады» палкоўнік А. Янсан (камандзір роты 1-га Беларускага пяхотнага палка) накіравалі міністру-прэзыдэнту Польшчы І. Падарэўскаму ліст, у які была ўключана так званая рэзалюцыя «Беларускага краёвага зьезду», які нібыта адбыўся 28–30.01.1919 у Наваградку, у зоне бальшавіцкай акупацыі, і ў якім нібыта бралі ўдзел і сябры Рады БНР.

Зь ліста Гадыцкага-Цьвіркі і Янсана вынікала, што Рада БНР перастала існаваць і што адзінай прадстаўніцай беларускага народу зьяўляецца «Беларуская краёвая народная рада» на чале зь ім, Гадыцкім-Цьвіркам. У рэзалюцыі «Беларускага краёвага зьезду» гаварылася, што «існаваньне самастойнай Беларускай дзяржавы — немагчыма», таму беларускі народ «павінен увайсьці ў зьвязак з адным са сваіх суседзяў». Былая Расейская дзяржава, пісалі Гадыцкі-Цьвірка і Янсан, апанавана бальшавіцкай анархіяй, а Ўкраіна і Літва кіруюцца чужымі інтарэсамі і ня маюць сталай асновы дзяржаўнага жыцьця. Таму гэтыя краіны, паводле аўтараў рэзалюцыі, не маглі даць беларускаму народу «заспакаеньня яго нацыянальных ды інш. патрэб і пажаданьняў». І толькі «адраджаючаяся дэмакратычная Польшча», працягвалі Гадыцкі-Цьвірка і Янсан, «ёсьць суседам, зь якім народ зжыўся празь вякі супольнага існаваньня». Аўтары «рэзалюцыі» пастанавілі, што «Беларусь у сваіх этнаграфічных межах... увойдзе ў сьціслы зьвязак з Польскай Рэчыпаспалітай». Так званая пастанова «Беларускага краёвага зьезду» даводзілася да ведама Падарэўскага, каб ён учыніў адпаведныя крокі «ў кірунку ўстанаўленьня супольнага палітычнага жыцьця беларускага народа з Польшчай».

Гэты дакумэнт, апублікаваны ў польскіх газэтах, падносілі публіцы як выражэньне волі беларускага народу. 3.04.1919 на так званую рэзалюцыю «Краёвага зьезду» ў соймавай прамове спасылаўся віцэ-старшыня польскай Нацыянал-дэмакратычнай партыі С. Грабскі, а Падарэўскі на Парыскай мірнай канфэрэнцыі заявіў, што дэлегацыя БНР на чале з Луцкевічам ня мае адпаведных паўнамоцтваў і ня можа браць удзел у перамовах.

У аднаго літоўскага гісторыка можна прачытаць, што Гадыцкі-Цьвірка прыехаў быў у Парыж у якасьці прадстаўніка Беларусі. Насамрэч у Парыж дазволена было прыехаць дэлегацыі на чале з Луцкевічам. Што ж тычыцца Гадыцкага-Цьвіркі, дык яго выпадкова ў кампаніі польскіх афіцэраў у Варшаве засьпеў былы народны сакратар юстыцыі БНР Я. Бялевіч. 2.04.1919 навіну аб «прэзыдэнце Беларусі» ён прывёз у Горадзен. 5.04 — пасьля прамовы Грабскага ў Сойме — аб’яву канцылярыі Рады Міністраў БНР у сувязі з выступленьнямі ў Варшаве «дэлегацыі», якая хадайнічала аб далучэньні Беларусі да Польшчы, апублікаваў В. Захарка, які знаходзіўся тады ў Горадне. Захарка заявіў, што дэлегацыя «самазвана выступае ад імя беларускага народу» і што ад імя беларускага народу «мае права гаварыць толькі Беларускі Ўрад — Рада Міністраў Беларускай Народнай Рэспублікі, якая базуе сваю ўладу на пастановах Усебеларускага Кангрэсу».

У ноч з 6 на 7.04.1919 Гадыцкага-Цьвірку на загад беларускага камэнданта Горадна М. Дзямідава арыштавалі. Іваноўскаму-малодшаму з дапамогай горадзенскага аддзелу Польскай вайсковай арганізацыі ўдалося Гадыцкага-Цьвірку адбіць, аднак неўзабаве ён зноў быў арыштаваны і этапаваны ў Коўна. Гісторыкі пішуць, што 1.06 палякі арыштавалі Дзямідава як закладніка за Гадыцкага-Цьвірку. Луцкевіч жа пісаў, што ў ковенскай турме, дзе ён правёў 7 месяцаў, Гадыцкі-Цьвірка ўдаваў сябе за дурнога. У сьн. яго судзілі. Сьведкамі былі Бялевіч, К. Езавітаў і П. Крачэўскі. 16.12.1919 суд яго апраўдаў. Лічаць, што на такое рашэньне паўплывалі паказаньні Крачэўскага: маўляў Гадыцкі-Цьвірка пайшоў на авантуру па наіўнасьці. Далейшы лёс авантурыста невядомы.

Ваша меркаваньне

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG