Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Мяне вызвалілі без усялякіх умоваў». Беларус, які нібыта страляў у Гдыні, адказаў на пытаньні Свабоды


Сьцяпан Сьвідзерскі
Сьцяпан Сьвідзерскі

«Мае дзеяньні былі выключна ў межах закону», — сьцьвярджае 30-гадовы беларус Сьцяпан Сьвідзерскі, які быў затрыманы 14 лістапада за нібыта страляніну ў офісным будынку агенцтва Thomson Reuters у польскім горадзе Гдыня, дзе працаваў.

Па выніках паседжаньня, што праходзіла за зачыненымі дзьвярыма 17 лістапада, ваяводзкі суд у Гданьску не задаволіў прашэньня пракурора аб папярэднім арышце падазраванага.

«Адбываецца сьледзтва. Падрабязнасьцяў я распавесьці не магу. Але з-пад варты я быў вызвалены без дадатковых захадаў», — распавёў Радыё Свабода Сьцяпан Сьвідзерскі пасьля вызваленьня.

Гэта азначае, што Сьвідзерскі можа свабодна перасоўвацца. Адзінае патрабаваньне, якое выставіў яму суд, — зьяўляцца на выклік у інтарэсах сьледзтва.

«На жаль, абвінавачаньне яшчэ ў сіле. Пракуратура тэарэтычна можа падаць апэляцыю. Справай будзем займацца як я, так і адвакат», — працягвае Сьвідзерскі.

На фатаздымках польскіх СМІ Сьцяпан выглядае зьбітым, але сам ён гэта зьняпраўджвае. «Гэта проста драпіны», — пасьміхаецца ён.

Сьцяпан Сьвідзерскі
Сьцяпан Сьвідзерскі

Псыхалягічны свой стан ён характарызуе як «вельмі добры».

«Я скіраваны на тое, каб зрабіць адпаведныя крокі для пазытыўнага разьвязаньня справы», — падкрэсьлівае Сьвідзерскі.

Сьцяпан кажа, што забясьпечаны дапамогай адваката. Яго падтрымліваюць сябры. Зь Беларусі да Сьцяпана прыехала маці, яна знаходзіцца побач.

«Я пакуль у такой сытуацыі, што не магу шмат сказаць. Але пры першай магчымасьці я сам зьвярнуся да прэсы», — запэўнівае ён.

Акруговая пракуратура ў Гданьску раней выставіла Сьвідзерскаму абвінавачаньне ў замаху на забойства, за што ў Польшчы пагражае ад 8 да 25 гадоў турмы альбо нават пажыцьцёвае зьняволеньне.

Паводле пракуратуры, Сьвідзерскі прыйшоў на працу ў гдыньскі офіс Thomson Reuters, дзе займаўся ўвядзеньнем у базу дадзеных рапартаў фірмаў, са зброяй. У пэўны момант ён «зрабіў два стрэлы і адзін зь іх у кірунку ахвяры». У здарэньні ніхто не пацярпеў. Паводле неафіцыйных крыніцаў, адна куля трапіла ў ноўтбук, які трымаў на плячы пацярпелы; другая — у столь.

Сьвідзерскі не прызнаваў віны. Паводле розных вэрсіяў, якія выкладалі сьведкі, Сьвідзерскі ці то нацэліў зброю на кагосьці ў офісе, ці то паказваў камусьці зброю, а іншы чалавек (паводле некаторых — не супрацоўнік кампаніі) на яго накінуўся і спрабаваў адабраць зброю, ці то Сьвідзерскі проста ішоў па калідоры са зброяй, калі на яго накінуўся іншы чалавек. Абвінавачаны кажа, што мае дазвол насіць зброю, займаецца спартовай стральбой.

Маці Сьвідзерскага казала Свабодзе, што хлопец, імаверна, проста не пасьпеў завезьці зброю дамоў, калі ехаў з заняткаў на працу.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG