Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Беларусу, які страляў у Гдыні, можа пагражаць пажыцьцёвае зьняволеньне


Пра гэта журналістам Эўрарадыё паведамілі ў акруговай пракуратуры ў Гданьску, куды перадалі крымінальную справу.

Сцяпану Свідзерскаму пакуль ня выставілі абвінавачаньня, ён знаходзіцца ў статусе падазраванага. Паводле артыкулу «Замах на забойства» ў Польшчы можа пагражаць ад 8 да 25 гадоў зьняволеньня альбо нават пажыцьцёвае зьняволеньне.

У пракуратуры паведамілі, што абвінавачаньне могуць выставіць у першай палове дня ў чацьвер. Беларус знаходзіцца пад вартай. Польскія праваахоўнікі высьвятляюць, ці ня мае ён і польскае грамадзянства (гэта зьмяніла б юрыдычны статус падазраванага), а таксама правяраюць наяўнасьць дазволу на зброю.

Раней сёньня афіцэр Міхал Зянкевіч з прэс-групы Ваяводзкай камэндатуры паліцыі ў Гданьску пракамэнтаваў Свабодзе затрыманьне грамадзяніна Беларусі Сьцяпана Сьвідзерскага ў Гдыні. Здарэньне адбылося ў аўторак увечары ў офісным будынку агенцтва Thomson Reuters у Гдыні на паўночным захадзе Польшчы.

«Учора каля 19.00 паліцыя атрымала інфармацыю, што ў адным з будынкаў на тэрыторыі Гдыні адбылася страляніна. Паліцыя выехала на месца здарэньня і затрымала там 30-гадовага грамадзяніна Беларусі», — кажа Міхал Зянкевіч.

Паводле прадстаўніка гданьскай паліцыі, ніводная асоба ў сувязі з гэтым здарэньнем не пацярпела і не была параненая.

Паводле адной з вэрсіяў, затрыманы нібыта хацеў паказаць сваю зброю калегу, але гэта выклікала паніку і падчас мітусьні адбыліся выпадковыя стрэлы.

Ваша меркаваньне

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG