Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Гдыні пасьля страляніны ў офісе Thomson Reuters затрымалі 30-гадовага беларуса


Небясьпечны інцыдэнт здарыўся ў офісным будынку агенцтва Thomson Reuters у польскім горадзе Гдыня на ўзьбярэжжы Балтыйскага мора. Затрыманы 30-гадовы грамадзянін Беларусі, які працаваў у гэтай фірме.

Абноўлена: Польская паліцыя пракамэнтавала затрыманьне беларуса

А 21.00 менскага часу ўзброены мужчына ўвайшоў на другі паверх будынку. Паводле неафіцыйнай інфармацыі радыё RMF FM, беларус быў узброены пісталетам Glock і даўгаствольнай зброяй. Страляніна адбылася ў адной з заляў будынку. Мужчына спрабаваў пацэліць у свайго калегу. Людзі пачалі ўцякаць, адзін з прысутных накінуўся на ўзброенага мужчыну і затрымаў яго.

Пацярпелых не было. Як паведаміў зь месца падзеяў рэпарцёр Радыё Гданьск, калі б не хуткая і адважная рэакцыя аднаго з прысутных, то маглі б быць ахвяры.

Маці беларуса, які нібыта страляў у Гдыні: «Ішоў на працу з трэніроўкі, не пасьпеў завезьці зброю дамоў»

Калі паліцыя прыбыла на месца, то арыштавала 30-гадовага беларуса, які працаваў у гэтай фірме. На месцы здарэньня цяпер працуюць сьледчыя.

Затрыманы Сьцяпан Сьвідзерскі працаваў у агенцтве аналітыкам, займаўся ўвядзеньнем у базу дадзеных рапартаў фірмаў. Ён займаўся спартовай стральбой і браў удзел у конкурсах стралкоў. Паводле ягоных калегаў, як перадаюць мясцовыя СМІ, ён быў закрытым чалавекам, на працы не вітаўся зь іншымі, у яго не было сяброў і ён часта званіў да сваёй сям’і. Маці Сьцяпана кажа Свабодзе, што хоць яе сын ня меў блізкіх сяброў на працы, ён шмат з кім сябраваў па-за межамі працы.

Паводле крыніцаў, блізкіх да кампаніі Reuters, здарэньне было выпадковасьцю. Як паведаміла крыніца Радыё Свабода, беларус вяртаўся з трэніроўкі і хацеў паказаць свой пісталет аднаму з калегаў. Калі зброю ўбачылі іншыя, то пачалася паніка. Падчас спробы вырваць у мужчыны пісталет, выпадкова адбыліся два стрэлы.

Ваша меркаваньне

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG