Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Прэзыдэнт ЗША: сьвет не пацерпіць «ядзернага шантажу» Паўночнай Карэі


Прэзыдэнт ЗША Дональд Трамп

Прэзыдэнт ЗША Дональд Трамп перасьцярог Паўночную Карэю, што сьвет не пацерпіць яе «ядзернага шантажу», і паабяцаў арганізаваць усясьветную кампанію «максымальнага ціску» на Пхэньян, у прыватнасьці з боку Кітаю.

Як сказаў ён у выступе напярэдадні, 14 лістапада, па вяртаньні з 12-дзённага наведваньня шэрагу краінаў Азіі, міжнародная супольнасьць не дазволіць дыктатуры ў Пхэньяне трымаць сьвет закладнікам свайго ядзернага шантажу.

Паводле яго, лідэр Кітаю Сі Цзіньпін паабяцаў выкарыстоўваць эканамічны ўплыў Пэкіну на Пхэньян, каб дамагчыся ядзернага раззбраеньня Паўночнай Карэі.

Як сказаў Дональд Трамп, Сі прызнае, што Паўночная Карэя ўяўляе пагрозу і для Кітаю.

Акрамя таго, дадаў ён, ЗША і Кітай пагадзіліся, што дамоўленасьць з Паўночнай Карэяй паводле прынцыпу «замарожваньне ў абмен на замарожваньне» непрымальная. Трамп меў на ўвазе прапанову, якую раней падтрымалі Кітай, а таксама Расея — паводле яе Паўночная Карэя павінна замарозіць на цяперашнім узроўні (але не ліквідаваць) сваю ядзерную праграму ў абмен на прыпыненьне сумесных рэгулярных вайсковых вучэньняў Паўднёвай Карэі і ЗША.

Як заявіў Трамп, час для Пхэньяну заканчваецца, і Вашынгтон ужо выразна даваў знаць, што не выключае ніякага варыянту адказу на дзеяньні Паўночнай Карэі.

У ходзе візыту ў Азію Трамп наведаў Японію, Кітай, Паўднёвую Карэю, Віетнам і Філіпіны. Ядзерна-ракетны крызіс вакол Паўночнай Карэі быў адной з галоўных тэмаў усіх сустрэч, таксама як тэма міжнароднага гандлю.

Ваша меркаваньне

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG