Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Прэзыдэнт Трамп едзе ў Паўднёвую Карэю і Кітай, каб дамагацца ядзернага раззбраеньня КНДР


Прэзыдэнт ЗША Дональд Трамп
Прэзыдэнт ЗША Дональд Трамп

Прэзыдэнт ЗША абмяркуе паўночнакарэйскі крызіс зь лідэрамі краінаў Азіяцка-Ціхаакіянскага рэгіёну.

Напярэдадні турнэ прэзыдэнта ЗША Дональда Трампа па краінах Азіі Белы дом паведаміў, што Пхэньян зойме галоўнае месца на парадку дня, а ядзернае раззбраеньне Паўночнай Карэі — адзіны прымальны зыход.

Як папярэдзіў ў чацьвер дарадца ў пытаньнях нацыянальнай бясьпекі ЗША генэрал Гербэрт Рэйманд МакМастэр, калі гэтага не атрымаецца дасягнуць шляхам эканамічных санкцыяў і дыпляматычнага ціску, «Злучаныя Штаты адкажуць на паўночнакарэйскую агрэсію з выкарыстаньнем усіх наяўных сродкаў».

Нядаўнія апытаньні NBC News / SurveyMonkey і Economist / YouGov паказваюць, што амэрыканцы лічаць КНДР самай непасрэднай пагрозай для ЗША.

З 7 па 8 лістапада Трамп плянуе наведаць Паўднёвую Карэю, якая стане другім прыпынкам у рамках ягонага турнэ па пяці краінах.

Перамовы прэзыдэнта з паўднёвакарэйскім лідэрам Мун Чжэ Інам і іншымі будуць сканцэнтраваныя на ядзернай і ракетнай праграмах КНДР.

Тым часам вайскова-паветраныя сілы ЗША паведамілі, што ў чацьвер у рамках вучэньняў над Карэйскім паўвостравам з Паўднёвай Карэі і Японіі былі выкарыстаныя два стратэгічныя бамбавікі B-1B, якія базуюцца на Гуаме, у суправаджэньні зьнішчальнікаў.

Паўночнакарэйскае агенцтва ЦТАК у пятніцу рэзка адрэагавала на вучэньні, назваўшы іх «нечаканай адпрацоўкай ядзернага ўдару».

«Рэальнасьць выразна дэманструе, што па-бандыцку настроеныя амэрыканскія імпэрыялісты... пагаршаюць сытуацыю на Карэйскім паўвостраве і імкнуцца распаліць ядзерную вайну», — заявіла агенцтва.

У заяве ВПС ЗША паведамляецца, што вучэньні былі сплянаваныя загадзя, а самалёты пасьля былі вернутыя на месца сталага базаваньня.

У апошні раз ЗША праводзілі падобную місію 10 кастрычніка, калі прэзыдэнт Трамп сустрэўся з прадстаўнікамі абароннага ведамства, каб абмеркаваць, як рэагаваць на пагрозы з боку КНДР.

Перад візытам прэзыдэнта ЗША ў Азіі пабывалі чальцы ягонага кабінэту, якія падрыхтавалі глебу для дыскусіяў на найвышэйшым узроўні аб мерах, якія варта прыняць у дачыненьні Паўночнай Карэі.

«Наша мэта не вайна, а поўная, верыфікаваная і незваротная дэнуклеарызацыя Карэйскага паўвострава», — заявіў Джым Мэтыс, міністар абароны ЗША ў ходзе наведваньня дэмілітарызаванай зоны на мяжы паміж Паўночнай і Паўднёвай Карэяй.

З Паўднёвай Карэі Трамп адправіцца ў Пэкін, дзе будзе абмяркоўваць узмацненьне напружанасьці на Карэйскім паўвостраве са старшынём КНР Сі Цзіньпінам. Чакаецца, што Трамп запатрабуе, каб Кітай узмацніў ціск на лідэра КНДР Кім Чэн Ына.

Сёлета сэрыя выпрабаваньняў балістычных ракет і ядзернай зброі ў КНДР падняла ўзровень напружанасьці ў заявах прэзыдэнта ЗША Дональда Трампа і паўночнакарэйскага лідэра Кім Чэн Ына. У верасьні КНДР правяла ўжо шостае па ліку выпрабаваньне. Паводле інфармацыі службаў выведкі ЗША, Пхэньян таксама працягвае выпрабаваньні балістычных ракет сярэдняга і далёкага радыюсу.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава
XS
SM
MD
LG