У чацьвер Дональд Трамп падкрэсьліў сваё «неверагодна цёплае» пачуцьцё да свайго калегі, кітайскага лідэра Сі Цзіньпіна, паведамляе «Голас Амэрыкі».
У ходзе сумеснай заявы пасьля перамоваў Трамп выказаў аптымізм, што ЗША і Кітай знойдуць рашэньне ядзернай паўночнакарэйскай праблемы. «Я веру ў такое рашэньне так сама, як і вы», — заявіў кіраўнік Белага дома.
Дзяржсакратар ЗША Рэкс Тылерсан заявіў, што паміж ЗША і Кітаем «няма рознагалосьсяў з нагоды Паўночнай Карэі».
Тылерсан, які знаходзіцца разам з прэзыдэнтам у кітайскай сталіцы, пагутарыў з журналістамі пасьля перамоў паміж Трампам і старшынёй КНР Сі Цзіньпінам, прысьвечаным пытаньнях гандлю і сытуацыі вакол Паўночнай Карэі. Паводле яго, два лідэры таксама адкрыта абмяняліся думкамі пра сытуацыю з правамі чалавека і марскія спрэчкі ў Паўднёва-Кітайскім моры.
Як заявіў Тылерсан, падчас двухдзённых перамоваў Кітай выразна і безапэляцыйна даў зразумець, што зьяўленьне ядзернай зброі ў КНДР для яго непрымальнае.
«Паміж нашымі задачамі няма ніякіх разыходжаньняў, — сказаў Тылерсан. — У нас ёсьць уласныя думкі пра тактыку, тэрміны і сілу ціску, і менавіта гэта мы доўга абмяркоўвалі».
Паводле Тылерсана, Трамп сказаў Сі Цзіньпіну: «Вы моцны чалавек. Я ўпэўнены, вы зможаце вырашыць гэтую праблему для мяне».
Раней прэзыдэнт Трамп заявіў, што ЗША і Кітай павінны працаваць разам, каб вызваліць рэгіён і ўвесь сьвет ад вельмі сур’ёзнай пагрозы з боку «крыважэрнага» паўночнакарэйскага рэжыму.
Трамп выступіў з падрыхтаванай заявай перад журналістамі разам з Сі Цзіньпінам, аднак ня стаў адказваць на пытаньні.
Ён дадаў, што Вашынгтон і Пэкін дамовіліся «не паўтараць памылак мінулага» ў сытуацыі з Паўночнай Карэяй, якой удалося за мінулыя гады дасягнуць імклівага прагрэсу ў распрацоўцы ядзернай зброі і балістычных ракет.
«Увесь цывілізаваны сьвет павінен аб’яднацца, каб даць адпор паўночнакарэйскай пагрозе», — дадаў Трамп.
Сі Цзіньпін выступіў у больш стрыманым тоне, адзначыўшы, што Кітай «зноў пацьвердзіў сваю прыхільнасьць дэнуклеарызацыі паўвострава».