ВМC ЗША ўпершыню за дзесяцігодзьдзе правядуць буйнамаштабныя вучэньні ў заходняй частцы Ціхага акіяну з удзелам трох ударных авіяносцаў.
Ударныя авіяносцы «Рональд Рэйган», «Німіц» і «Тэадор Рузвэльт» адпрацуюць сумесныя задачы ў СПА, выведцы, манэўраваньні ў міжнародных водах з 11 па 14 лістапада. Пра гэта ў сераду заявіў вайскавод Ціхаакіянскага флёту ЗША адмірал Скот Сьвіфт.
Мэта манэўраў — прадэманстраваць «унікальныя магчымасьці Ціхаакіянскага флёту ЗША і прыхільнасьць справе захаваньня бясьпекі і стабільнасьці ў рэгіёне», адзначыў адмірал Сьвіфт.
Апошнім разам тры авіяносныя ўдарныя групы дзейнічалі сумесна ў заходняй частцы Ціхага акіяну, у раёне вострава Гуам, падчас вучэньняў Valiant Shield у 2006 і 2007 гадах.
Аб правядзеньні цяперашніх буйнамаштабных акіянскіх манэўраў было абвешчана якраз у той час, калі прэзыдэнт Дональд Трамп пачаў свой візыт у Кітай, дзе абмяркоўвае ракетна-ядзерную пагрозу з боку Паўночнай Карэі.
Прадстаўнікі Белага дома ўжо заявілі, што прэзыдэнт мае намер аказаць ціск на Кітай, найбліжэйшага саюзьніка і галоўнага гандлёвага партнэра КНДР, каб прымусіць Пхэньян адмовіцца ад сваёй ядзернай праграмы.
Раней, знаходзячыся ў Сэуле, Трамп папярэдзіў Пхэньян, што той не павінен «недаацэньваць» рашучасьць Злучаных Штатаў.
Трамп таксама адзначыў, што тры амэрыканскія авіяносцы ўжо рушылі на пазыцыі ў раёне Карэйскага паўвострава, паведамляе «Голас Амэрыкі».