Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Трамп: Расея перашкаджае намаганьням ЗША ў ядзерным раззбраеньні КНДР


Прэзыдэнт ЗША Дональд Трамп

Прэзыдэнт ЗША Дональд Трамп заявіў 25 кастрычніка, што Расея перашкаджае намаганьням ЗША ў ядзерным раззбраеньні Паўночнай Карэі, затое роля Кітаю ў гэтай справе зьяўляецца карыснай.

У інтэрвію Fox Business Network Дональд Трамп заявіў, што будзе лягчэй урэгуляваць ядзерную праблему Паўночнай Карэі, калі ЗША будуць мець лепшыя дачыненьні з Расеяй.

«Кітай дапамагае нам і, магчыма, Расея дзейнічае па-іншаму і шкодзіць таму, што мы робім», — заявіў Трамп, маючы на ўвазе ціск на Паўночную Карэю шляхам жорсткіх эканамічных санкцыяў.

«Думаю, мы маглі б мець добрыя стасункі з Расеяй, — дадаў Трамп. — Думаю, што паўночнакарэйскую сытуацыю было б лягчэй вырашыць».

Сёлета сэрыя выпрабаваньняў балістычных ракет і ядзернай зброі ў КНДР паднялі градус напружанасьці ў заявах прэзыдэнта ЗША Дональда Трампа і паўночнакарэйскага лідэра Кім Чэн Ына.

У верасьні КНДР правяла ўжо шостае па ліку выпрабаваньне. Паводле інфармацыі службаў выведкі ЗША, Пхэньян таксама працягвае выпрабаваньні балістычных ракет сярэдняга і далёкага радыюсу.

Трамп ціснуў і на Расею, і на Кітай, каб яны дапамаглі кантролю над ядзернай праграмай свайго суседа. Расея падтрымлівае кантакты з Пхэньянам, але Кітай зьяўляецца найбуйнейшым гандлёвым партнэрам і саюзьнікам Паўночнай Карэі, ажыцьцяўляючы больш за 90% міжнароднага гандлю з ізаляванай краінай.

Дачыненьні паміж ЗША і Расеяй зьяўляюцца напружанымі пасьля анэксіі Масквой украінскага Крыму ў 2014 годзе, расейскай падтрымкі сырыйскага прэзыдэнта Башара Асада і верагоднага ўмяшаньня Расеі ў прэзыдэнцкія выбары 2016 году ў ЗША.

Ваша меркаваньне

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG