Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Вольга Сьцяпанава абскарджвае прысуд за сьмерць дзіцяці падчас хатніх родаў. Працэс будзе закрытым


Вольга Сьцяпанава

31-гадовая ўраджэнка Віцебску, якая нарадзіла дома і страціла немаўля, абскарджвае судовы вырак, абвешчаны 7 верасьня ў Чыгуначным раённым судзе гораду. Яна зьвярнулася з касацыйнай скаргай у Віцебскі абласны суд.

Раённы суд, які разьбіраў справу Вольгі Сьцяпанавай некалькі тыдняў, прызнаў яе вінаватай у прычыненьні сьмерці па неасьцярожнасьці. На падставе часткі 1 артыкулу 144 Крымінальнага кодэксу ёй было прызначана пакараньне ў выглядзе пазбаўленьня волі тэрмінам на 6 месяцаў з адбыцьцём пакараньня ў папраўчай калёніі ва ўмовах калёніі-пасяленьня. Жанчына скарысталася сваім правам на абскарджаньне прысуду і пасьля працэсу ў раённым судзе знаходзілася ў Віцебску пад падпіскай аб нявыезьдзе.

Разам зь сям’ёй яна жыве ў Санкт-Пецярбургу. У родны горад Вольга Сьцяпанава прыехала мінулай восеньню, каб нарадзіць тут сваё другое дзіця. З сабою яна прывезла і старэйшую дачку, бо спадзявалася, што ейная маці дапаможа даглядаць абаіх дзяцей.

5 прызнаньняў Вольгі Сьцяпанавай, якую асудзілі за сьмерць дзіцяці падчас хатніх родаў

Два гады таму яна нарадзіла старэйшую дзяўчынку ў хатніх умовах, прайшоўшы адмысловую падрыхтоўку на курсах для хатніх парадзіх. Аднак апошнія хатнія роды скончыліся трагедыяй: 19-га лютага ў кватэры сваёй маці Вольга Сьцяпанава нарадзіла дзяўчынку, але не змагла даць рады, калі заўважыла, што дзіця ня дыхае. Паводле сваякоў, выкліканая хуткая дапамога прыехала несвоечасова, і дзіця ўратаваць не змаглі.

Сама Вольга Сьцяпанава таксама вінаваціць у сьмерці дзіцяці медыкаў. Пра гэта яна адкрыта заявіла ў відэазвароце да Аляксандра Лукашэнкі, дзе просіць спыніць распачатую супраць яе крымінальную справу ды пакараць лекараў, якія, на яе думку, неналежным чынам выканалі свае прафэсійныя абавязкі.

Сям’я Вольгі, якая чакала другое дзіця. Фота з хатняга архіву
Сям’я Вольгі, якая чакала другое дзіця. Фота з хатняга архіву

Жанчына цьвердзіць, што яе пасьля родаў забралі ў шпіталь з жывым дзіцём, тады як мэдыкі ў судзе настойвалі, што сьмерць немаўляці наступіла яшчэ дома ў вынікі асьпірацыі каляплоднымі водамі. Такія высновы аб прычыне сьмерці зрабілі віцебскія экспэрты. Але паўторная экспэртыза ў Менску, паводле Вольгі, прыйшла да іншых высноваў: што ў выніку ўскладненьняў падчас родаў «выявіўся шэраг паталёгій разьвіцьця і функцыянальная недаразьвітасьць усіх жыцьцёва важных органаў дзіцяці. Гэта значыць, па марфалягічных прыкметах дзіця зьяўлялася неданошаным і яго ўнутраныя органы ня здольныя былі часткова ці цалкам выконваць свае функцыі».

Вольга Сьцяпанава на лаве падсудных. 30 жніўня 2017 году
Вольга Сьцяпанава на лаве падсудных. 30 жніўня 2017 году

Акалічнасьці хатніх родаў і спробаў выратаваць дзіця ў мэдычнай установе раённы суд разьбіраў у закрытым рэжыме. Нягледзячы на тое, што сама парадзіха патрабавала зрабіць працэс адкрытым і была згодная агучыць на публіку ўсе асабістыя падрабязнасьці.

У закрытым рэжыме, як было абвешчана напярэдадні, будзе праходзіць і разгляд касацыйнай скаргі ў Віцебскім абласным судзе. Журналісты і ўсе зацікаўленыя вынікам гэтай справы змогуць даведацца высновы судзьдзяў падчас абвяшчэньня выніковай часткі пастановы.

Ваша меркаваньне

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG