Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Сёньня ў Віцебску абвесьцяць прысуд жанчыне, якая нарадзіла дома і страціла немаўля


Вольга Сьцяпанава падчас суду. Віцебск, 30 жніўня 2017 году
Вольга Сьцяпанава падчас суду. Віцебск, 30 жніўня 2017 году

Судовы працэс над 31-гадовай Вольгай Сьцяпанавай з 30-га жніўня ідзе ў Чыгуначным райсудзе. Справу, распачатую паводле часткі 1 артыкулу 144 Крымінальнага кодэксу (прычыненьне сьмерці празь неасьцярожнасьць), разьбірае судзьдзя Юрый Урбан.

Бок абвінавачаньня прадстаўляе пракурор Алег Пласкуноў, пацярпелым у справе падчас першага судовага пасяджэньня прызнаны Алег Сьцяпанаў, муж падсуднай, жыхар Санкт-Пецярбургу.

Муж Вольгі Алег Сьцяпанаў у судзе
Муж Вольгі Алег Сьцяпанаў у судзе

Што здарылася?

У сям’і Сьцяпанавых гадуецца 2-гадовая дачка, якая цяпер знаходзіцца ў Расеі, у дзеда з бабай. Увосень мінулага году, калі Вольга чакала другое дзіця, яна прыехала ў Віцебск да маці, бо зьбіралася нарадзіць у Беларусі.

Сям’я Вольгі, якая чакала другое дзіця. Фота з хатняга архіву
Сям’я Вольгі, якая чакала другое дзіця. Фота з хатняга архіву

Паводле вэрсіі сьледзтва, жанчына адмаўлялася ад мэдыцынскай дапамогі падчас цяжарнасьці і неаднойчы агучвала намер нарадзіць дома, а не ў радзільні.

Маці Вольгі, спадарыня Надзея, цьвердзіць супрацьлеглае: яна кажа, што ў дачкі не было цьвёрдага намеру нарадзіць дома, хоць такі досьвед яна мела: сваё першае дзіця Вольга нарадзіла менавіта ў хатніх умовах. Але другія роды здарыліся імкліва, і таму немаўля нарадзілася ў кватэры, а не ў мэдыцынскай установе.

Спадарыня Надзея, дачку якой вінавацяць у сьмерці немаўляці
Спадарыня Надзея, дачку якой вінавацяць у сьмерці немаўляці

Вольга нарадзіла дзяўчынку 17-га лютага сёлета. Убачыўшы, што дзіця ня дыхае, яна папрасіла маці выклікаць «хуткую». На думку спадарыні Надзеі, хуткая дапамога ехала занадта доўга. І менавіта непрафэсіяналізмам мэдыкаў яна тлумачыць тое, што немаўля памерла. Сьмерць нованароджанай дзяўчынкі лекары канстатавалі ўжо пасьля шпіталізацыі маці і дзіцяці. Паводле мэдыкаў, дзіця загінула праз асьпірацыю каляплоднымі водамі, а парадзіха ў хатніх умовах ня здолела ўратаваць дачку.

Пагражае да 3 гадоў

Справу супраць Вольгі Сьцяпанавай распачалі праз два тыдні пасьля сьмерці немаўляці. Адразу супраць жанчыны не ўжылі аніякіх мераў стрыманьня, зь яе не ўзялі нават падпіскі аб нявыезьдзе. Аднак 6-га траўня — у той дзень, на які была прызначана пахавальная цырымонія і крэмацыя дзіцяці, — Вольгу арыштавалі і зьмясьцілі ў СІЗА. Сьледчыя тлумачылі гэта верагоднасьцю ад’езду падазраванай за межы краіны з мэтай пазьбегнуць пакараньня.

Вольга Сьцяпанава на судзе 30 жніўня 2017 году
Вольга Сьцяпанава на судзе 30 жніўня 2017 году

Суд у справе Вольгі Сьцяпанавай зь першага дня праходзіў у закрытым рэжыме, хоць супраць гэтага пратэставалі і сама падсудная, і яе адвакаткі, Зінаіда Сінякова і Надзея Бірукова. Паводле прад’яўленага абвінавачаньня, Вользе Сьцяпанавай пагражае пакараньне ў выглядзе папраўчых работ тэрмінам да 2 гадоў, абмежаваньне волі да 3 гадоў ці пазбаўленьне волі на такі самы тэрмін.

Асаблівасьці заканадаўства

Судзьдзя Юрый Урбан
Судзьдзя Юрый Урбан

Крымінальны кодэкс Беларусі не прадугледжвае адказнасьці за хатнія роды: жанчына мае права выбіраць, ці нараджаць у дзяржаўнай мэдыцынскай установе, ці ў іншых умовах. Справу супраць віцебскай парадзіхі распачалі не таму, што роды былі хатнія, а таму, што дзіця загінула. Пазыцыя сьледзтва палягае ў тым, што мэдыкі неаднаразова папярэджвалі Вольгу Сьцяпанаву пра верагодныя складанасьці падчас родаў без нагляду спэцыялістаў. Тым ня менш яна вырашыла нарадзіць самастойна і ня здолела даць рады ў сытуацыі, якая магла б пасьпяхова вырашыцца ў радзільні.

Гэтая крымінальная справа выклікала вялікі рэзананс у грамадзтве. У падтрымку Вольгі Сьцяпанавай была створаная інтэрнэт-пэтыцыя, дзе гаворыцца пра неабходнасьць «прызнаньня за жанчынамі права нараджаць дома і спрыяньня бясьпецы гэтага працэсу».

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG