Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Нават ня памятаю, калі гэта пачалося. Здаецца, яшчэ з 1970-х, калі ў Барсу выправіўся легендарны галяндзец Ёган Кройф.

Тады, у 1974-м, зь «лятучым галяндцам» на чале «Барса» пасьля доўгага перапынку выйграла чэмпіянат Гішпаніі, не пакінуўшы каменя на камені ад свайго адвечнага апанэнта мадрыдзкага «Рэалу», разграміўшы таго на «Сант'яга Бэрнабэў» у Мадрыдзе зь лікам 5–0.

Кройф патрапіў у сваю каманду і ў сваю атмасфэру, дзе гульня ператваралася ў свабодную творчасьць, у мастацтва. Свабодны футбол у выкананьні «Барсэлёны» быў ня проста футболам, гэта быў і адзіна магчымы адказ Каталёніі на дыктатуру Франка й нацыянальны ўціск каталёнцаў.

Кройф стаў нацыянальным героем Каталёніі не адно таму, што дапамог «Барсе» ўздыхнуць на поўныя грудзі й знайсьці сваю гульню, але яшчэ й таму, што сьвядома выбраў каталёнскі клюб (у процівагу мадрыдзкаму «Рэалу», які таксама прэтэндаваў на галяндца), бо ня мог паводле сваіх перакананьняў выбраць клюб, зьвязаны з імем дыктатара Франка.

Усё супала — амбіцыі каманды, галяндзкі футбольны маэстра, пасьпяховая канкурэнцыя з заведамым фаварытам чэмпіянату, прага Каталёніі да волі й апазыцыя нязьменнаму гішпанскаму каўтыльё Франсіска Франка.

З таго часу амаль кожнага разу, калі я глядзеў матчы «Барсэлёны», апроч самога фантастычнага футболу ў выкананьні каталёнцаў, я таксама бачыў плякаты на трыбунах, асноўны зьмест якіх можна ўкласьці ў тры словы — Каталёнія не Гішпанія.

Сёньня, калі Каталёнія абвясьціла пра сваю незалежнасьць, я разумею, што гэта не выпадковая, але вынашаная й выпакутаваная падзея.

Яна многіх напалохала. Мэдыі паведамляюць, што шматлікія краіны Эўропы, ЗША выказаліся за цэласьць Гішпаніі.

Нехта намякае на датычнасьць Расеі да каталёнскага пытаньня. Сёй-той зь беларускіх журналістаў шукае і знаходзіць 5, 10, 20 фактаў, каб адмовіць Каталёніі ў незалежнасьці, дзівосным чынам параўноўваючы Барсэлёну з ДНР/ЛНР.

Сапраўды, новая сытуацыя — выпрабаваньне для ўсіх.

Можна, вядома, абгрунтаваць нэгатыўныя моманты й магчымыя непажаданыя наступствы каталёнскай дэклярацыі незалежнасьці. Яны ляжаць на паверхні.

Можна знайсьці станоўчыя моманты франкісцкай дыктатуры для Гішпаніі. Яны ёсьць.

Але Каталёнія таксама мае права як на сваю свабоду, гэтак і на сваю дыктатуру, дзе, магчыма, будуць свае станоўчыя моманты.

У 1991 годзе і Эўропа, і ЗША, таксама ня надта віталі свабоду пятнаццаці новых краінаў на месцы СССР, бо нэгатыўныя моманты таксама ляжалі на паверхні. Але прайшоў час, і беларусы ўжо дваццаць шэсьць гадоў маюць сваю незалежную краіну, ад якой не жадае адмаўляцца нават такі рэжым, які мы маем.

Свабода прыходзіць па-рознаму й па-рознаму сканчаецца, але гэта ня значыць, што мы маем нейкае права камусьці ў ёй адмаўляць.

Кожны чалавек, як і кожная нацыя, якая гатовая браць на сябе адказнасьць і плаціць за сваю свабоду, мае на яе права. Бо без свабоды ўсё губляе сэнс і ператвараецца ў штучную схему, што ў футболе, што ў жыцьці.

Я па-ранейшаму заўзятар «Барсы», таму што гэты клюб, учора ці сёньня, з Кройфам ці з Мэсі, але заўжды гуляе ў свабодны футбол.

Я ня супраць паназіраць за гульнёй нацыянальнай каманды Каталёніі на чэмпіянаце Эўропы, здаецца, сваёй гульнёй яна не папсуе гэтае спаборніцтва.

Меркаваньні, выказаныя ў блогах, перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.

Ваша меркаваньне

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG