Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Беларуса не пусьцілі за мяжу празь дзіцячыя малюнкі ў пашпарце. Значыць, ніякіх малюнкаў нельга?

абноўлена

Памежнікі з пункту пропуску «Новая Рудня» затрымалі 36-гадовага жыхара Калінкавічаў, які хацеў выехаць зь Беларусі ва Ўкраіну, бо ён прад’явіў размаляваны пашпарт.

На адной са старонак пашпарта мужчыны былі дзіцячыя малюнкі: дом, вушасты чалавечак, лісток канюшыны... Мужчына прызнаўся, што яго раней папярэджвалі пра неабходнасьць замены пашпарту. У выніку яго празь мяжу не прапусьцілі, пашпарт канфіскавалі.

Радыё Свабода зьвярнулася ў Памежны камітэт Беларусі з просьбай патлумачыць, на падставе якога нарматыўнага акту 18 кастрычніка ў грамадзяніна Беларусі памежнікі забралі пашпарт зь дзіцячымі малюнкамі і не прапусьцілі яго празь мяжу.

Дзеяньні памежніка былі дакладныя

Прэсавы сакратар Памежнага камітэту Беларусі Антон Бычкоўскі гэтак патлумачыў дзеяньні памежнікаў:

«Ёсьць Указ прэзыдэнта Рэспублікі Беларусь № 294 ад 3 чэрвеня 2008 году „Аб дакумэнтаваньні насельніцтва Рэспублікі Беларусь“. У яго ўносілі неаднаразова зьмены, апошнія — у траўні 2017 году. У гэтым указе пералічаныя дакумэнты для перасячэньня мяжы краіны і патрабаваньні да гэтых дакумэнтаў.

У разьдзеле пра пашпарт ёсьць пункт 8, дзе вызначаныя выпадкі, калі пашпарт становіцца нядзейным для перасячэньня мяжы і зьяўляецца неабходнасьць у замене пашпарта. А ў пункце 22 пералічаныя ўсе магчымыя адзнакі, якія ўносяцца ў пашпарт. Там вычарпальны пералік і пазначана, хто мае права ўносіць адзнакі.

Паколькі дзіця, якое не зьяўляецца службовай асобай і не ўваходзіць у гэты пералік, размалявала старонку ў пашпарце, дык узьнікла неабходнасьць у яго замене, бо пашпарт лічыцца несапраўдным. Таму дзеяньні супрацоўніка памежнай службы былі дакладныя, ён ня меў права дазволіць грамадзяніну Беларусі выехаць за мяжу з дакумэнтам, які не зьяўляецца дзейным.

Таму дакумэнт у грамадзяніна забралі і накіравалі па месцы ягонага жыхарства ў органы ўнутраных спраў, дзе ён зможа атрымаць новы дакумэнт».

У пашпартах — ня толькі малюнкі, але і нумары тэлефонаў, банкаўскія коды

Паводле прэсавага сакратара Памежнага камітэту Антона Бычкоўскага, на мяжы рэгулярна здараюцца выпадкі, калі памежнікі вымушаныя забіраць у грамадзян несапраўдныя дакумэнты. Найбольшую групу складаюць грамадзяне, якія не пасьпелі своечасова атрымаць новыя пашпарты пасьля замены прозьвішчаў. У другой па колькасьці групе — тыя, хто з розных прычын не замяніў пратэрмінаваныя пашпарты. Толькі ў трэцюю групу ўваходзяць людзі з пашпартамі, у якіх аказаліся не прадугледжаныя законам адзнакі.

«Часьцей за ўсё людзі неабачліва выкарыстоўваюць пашпарты для запісу нумароў банкаўскіх картак, тэлефонаў, кодаў ды іншай інфармацыі. У такім выпадку іх таксама даводзіцца спыняць і вяртаць дамоў, а пашпарты ў іх забіраць. Мы рэгулярна папярэджваем грамадзянаў аб патрабаваньнях да дакумэнтаў, зь якімі яны выпраўляюцца за мяжу», — сказаў Антон Бычкоўскі карэспандэнту Свабоды.

За падачу несапраўднага пашпарту беларусам пагражае адміністрацыйная адказнасьць у выглядзе папярэджаньня, штрафу да 20 базавых велічыняў (460 рублёў), а для іншаземцаў — яшчэ і дэпартацыя. Як пакаралі мужчыну з Калінкавічаў, не паведамляецца.

***

Самыя галоўныя і цікавыя навіны можна атрымліваць адразу ж, падпісаўшыся на Тэлеграм-канал Радыё Свабода.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG