Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Музыканту Аракеляну забаранілі бараду на фота ў пашпарт? Аказалася, не зусім


Павал Аракелян: зьлева — фота Інстытуту Ґётэ, 29 чэрвеня 2016 году, справа — фота svaboda.org 8 літапада 2015 году

Беларускі музыка Павал Аракелян, саксафаніст гурту «Крамбамбуля» і лідэр праекту The Outsiders, распавёў на Facebook пра незвычайнае патрабаваньне пашпартыстаў: згаліць бараду.

Паводле Аракеляна, яму не хацелі выдаваць пашпарт праз «барадатае» фота і прапанавалі або згаліць бараду, або «разьбіраць выпадак на ўзроўні гораду». Тымчасам у актуальных патрабаваньнях да фота на пашпарт забароны на бараду няма, і раней пра «забарону бародаў» не паведамлялася.

Аракелян расказаў Свабодзе працяг гісторыі: як выявілася, бараду згольваць ня трэба, а праблема не зусім у ёй.

«Справа, нарэшце, нібыта вырашылася, але праблема ў тым, што ніхто ня ведае, якога памеру павінен быць твар на фота, калі мужчына носіць бараду, — тлумачыць Аракелян. — Як мераць, ад макаўкі да канца барады? Ад макаўкі да падбародзьдзя?

У выніку раённы аддзел спрачаўся з гарадзкім, пяць разоў разварочвалі мае дакумэнты… Гэта ўсё было, пакуль СМІ не пачалі тэлефанаваць у пашпартныя сталы з пытаньнямі. Пасьля мне патэлефанаваў начальнік — ці то падпалкоўнік, ці то палкоўнік — які выбачыўся і даў мне выразныя рэкамэндацыі, якое фота зрабіць, і сказаў, што асабіста ўсё прасочыць і паскорыць выдачу пашпарту.

Але паколькі ніхто ня ведаў гэтых нарматываў, мне з усіх бакоў казалі: слухайце, пагаліце бараду, і ўсё будзе нармальна. Я казаў: пагаліць бараду — ня опцыя, якія яшчэ ёсьць? На што мне пашпартыца казала: ну давайце зробім некалькі варыянтаў фота некалькіх памераў, быць можа, якое-небудзь зь іх… Але пакуль яна ўсё гэта казала, мне патэлефанаваў начальнік і пытаньне вырашылася цягам дзьвюх хвілін».

***

У студзені падобную гісторыю распавёў актывіст Алесь Крот: яму спачатку забаранілі нацыянальную кашулю з арнамэнтам на фота на пашпарт празь «незарэгістраваную сымболіку» ў арнамэнце, але праз тыдзень начальнік раённага аддзелу паведаміў, што фатаграфавацца ў такой кашулі можна, а вінаватыя пашпартысты «пакараныя».

Ваша меркаваньне

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG