Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Вышыванак у беларусаў не было. А што было?


Беларускі шлюбны строй. З архіву Натальлі Ярмалінскай

У трэці чацьвер траўня (у 2016 годзе — 19 траўня) адзначаецца Ўсясьветны дзень вышыванкі. Акцыя была прапанаваная ў 2006 годзе ўкраінскай студэнткай Лесяй Варанюк, на пачатку 2010-х сьвята распаўсюдзілася па Ўкраіне, потым па суседніх краінах.

Традыцыйная ўкраінская вышыванка
Традыцыйная ўкраінская вышыванка

У тым ліку ў беларускіх сацсетках карыстальнікі сёньня віншуюць адзін аднаго з Днём вышыванкі ды прапануюць масава надзяваць вышыванкі ў гэты дзень, на вечар у менскім Цэнтры нацыянальных культураў, дзе пройдзе музычны вечар «Дзень украінскай вышыванкі».

Але ці былі наогул на беларускіх землях вышыванкі? Вышываныя кашулі — так, але вышыванкі — пазычаньне з Украіны, кажа Свабодзе доктар мастацтвазнаўства, прафэсар катэдры этналёгіі і фальклёру Ўнівэрсытэту культуры Вольга Лабачэўская:

«Вышыванак не было, не было такога слова ў народнай лексыцы. У народнай традыцыі вышываную кашулю называлі „кашуля“, „сарочка“, „рубаха“. А „вышыванка“ — гэта слова, запазычанае намі з Украіны, дзе так прынята называць вышыванае адзеньне. Гэта зьява літаральна апошніх двух гадоў.

Сучасная „вышыванка“ — ужо ня тая традыцыйная кашуля, гэта можа быць блюзачка, сарочка, майка, упрыгожаная арнамэнтам. Але „Дзень вышыванкі“ — лічу, што гэта варта, хай лепей будзе „вышыванка“, чым ня будзе нічога. „Вышыванка“ — гэта ўжо нейкая такая цагліна ў будаваньне, разуменьне сваёй ідэнтычнасьці».

Калі ж на тэрыторыі сучаснай Беларусі зьявіліся вышываныя кашулі і ці былі яны ў часы Вітаўта ці Міндоўга, навукоўцы ня ведаюць. Сьведчаньняў пра кашулі ў даўніну няма, няма і артэфактаў.

«Але гэта, відаць, традыцыя даўняя. Арнамэнт і чырвоны колер былі абярожнымі, „ахоўвалі“ чалавека, гэта славянская традыцыя. Мы ведаем па помніках італьянскага рэнэсансу, што ў XIV-XV стст там кашулі былі вышываныя, гэта і ў жывапісе адлюстравана. У беларусаў — цяжка сказаць, але прынамсі ў XVIII-XIX стст беларусы ўжо хадзілі ў вышываных строях, а то і раней. Гэта былі строі сьвяточныя, шлюбныя, тады абавязкова насіўся арнамэнт».

Беларускі народны строй
Беларускі народны строй

Пра адметнасьць беларускай вышыўкі і ткацтва Лабачэўская напісала шэраг кніг, у тым ліку кнігу «Беларускі народны тэкстыль». Яна ўпэўнена кажа: беларускую вышыўку лёгка адрозьніць ад украінскай ці расейскай па адметных рысах — геамэтрычным арнамэнце, спалучэньні элемэнтаў, рытме, прапорцыях.

У сёньняшніх вышыванках традыцыі інтэрпрэтуюцца па-рознаму, зьяўляюцца ў продажы чорныя кашулі, кашулі зь сінім арнамэнтам і гэтак далей. Але такога, кажа Лабачэўская, беларусы практычна не насілі:

«Адназначна ўсе этнографы, якія пісалі пра адметнасьці беларусаў і іхнага адзеньня, кажуць, што беларусы „ўсе белыя“, ад магеркі да анучы. Цёмныя ці чорныя кашулі з вышыўкай насілі ж, напрыклад, расейскія стараабраднікі-беспапоўцы, якія ў нас на Віцебшчыне жывуць.

Але зразумела, сучасны чалавек жыве ў іншых умовах, і я ня бачу ў гэтым нічога кепскага. Напрыклад, мужчынская кашуля вытворчасьці Honar-у вельмі дарэчная ў офісе, хай яна будзе любога колеру. Гэта не натуральнае, літаральнае ператварэньне, а сучасная рэпліка, ды разам з тым арнамэнт там далікатны, ён нагадвае чалавеку, што ён мае дачыненьне да Беларусі».

Кашуля Honar
Кашуля Honar

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Ягор Марціновіч
XS
SM
MD
LG