Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Беларусі створаць электронны рэгістар выбарнікаў, але электроннага галасаваньня ня будзе


Лідзія Ярмошына

Cтаршыня Цэнтравыбаркаму Беларусі Лідзія Ярмошына расказала Свабодзе пра пляны рэарганізацыі выбарчага працэсу.

«Я ўчора вярнулася з Румыніі, дзе зьбіраліся на канфэрэнцыю прадстаўнікі Ўсясьветнай арганізацыі правядзеньня выбараў. У яе ўваходзяць 102 краіны, у тым ліку і наша. Сёлета дыскутавалася адна праблема — электроннае галасаваньне выбарнікаў, плюсы і мінусы.

Калі перанесьці электронныя рэаліі на нашу глебу, то магу адразу падкрэсьліць — пераходу на электроннае галасаваньне ў нашых плянах няма. Гэта нават не абмяркоўвалася. І, наколькі я ведаю, у беларускім грамадзтве няма такой тэндэнцыі.

Мы цяпер думаем над стварэньнем электроннага рэгістру выбарнікаў Беларусі. Пакуль выбарчыя сьпісы складаюць на ўчастках для галасаваньня. І тут узьнікаюць пэўныя складанасьці. Частка людзей зарэгістраваная па адным адрасе, а рэальна пражывае па іншым. Хтосьці з выбарнікаў ужо памёр, хтосьці зьехаў зь Беларусі.

Карацей, у электроннага рэгістру як найменей два выразныя плюсы. Па-першае, мы будзем мець дакладныя і праўдзівыя сьпісы выбарнікаў. Па-другое, прадухілім магчымасьць адной і той жа асобе прагаласаваць двойчы.

Для нас тут самае галоўнае — праўдзівыя сьпісы: выключэньне „мёртвых душ“ і ўключэньне ўсіх, хто на час выбараў дасягнуў 18 гадоў».

Экспэрт: электронны рэгістар — крок наперад

Сяргей Альфер
Сяргей Альфер

Сяргей Альфер, экспэрт у галіне выбараў, кажа Свабодзе, што электронны рэестар выбарнікаў — добрая справа:

«Ім карыстаюцца ўжо многія краіны. У нас праблем зь ягоным стварэньнем няма. У Беларусі ўжо існуе дзяржаўная сыстэма „Пашпарт“. Зь яе вельмі лёгка зрабіць рэгістар выбарнікаў. Адзіная складанасьць — гэта „прапіска“. Частка людзей мае рэальна месца пражываньне іншае, чым зарэгістраванае. Але і тут можна скарыстаць, напрыклад, польскі досьвед. Там, калі хтосьці перамяшчаецца, дык ён адразу пераходзіць з аднаго месца рэгістру ў іншае. Паўтаруся: скласьці рэгістар няцяжка. І гэта можна было зрабіць яшчэ пяць гадоў таму, калі ўвялі электронную сыстэму „Пашпарт“.

Аднак для дэмакратызацыі выбарчага працэсу ў Беларусі аднаго электроннага рэгістру мала. Трэба мяняць выбарчае заканадаўства. І трэба тлумачыць грамадзянам, каб яны разумелі важнасьць свайго знаходжаньня ў гэтым рэгістры. Бо калі сёньня пэўная частка насельніцтва лічыць, што выбары ў іхным жыцьці нічога не вырашаюць, то тады навошта ім сачыць за сваім месцам у рэгістры?»

Ваша меркаваньне

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG