Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Пяць фота пра савецка-польскую мяжу часоў, калі яна была пад Менскам


Рэпліка памежных слупоў Польшчы і БССР з арыгінальнымі гістарычнымі шыльдамі з калекцыі Ігара Мельнікава. Польская шыльда ўзору 1920-х гадоў знойдзеная ў раёне Рубяжэвічаў, савецкая — на ўсход ад Заслаўя

Беларускі гісторык Ігар Мельнікаў, аўтар шэрагу кніг пра жыцьцё беларусаў у міжваенны час, прэзэнтаваў 3 кастрычніка кнігу-альбом «Мяжа была пад Менскам, 1921–1941 гг.».

Мельнікаў выдаў альбом на ўласныя грошы накладам усяго 95 асобнікаў. У кнізе раскрываецца тэма, апісаная дагэтуль больш з польскага боку, а ў Беларусі амаль забытая.

У кнізе больш за 500 здымкаў — як з уласнай калекцыі Мельнікава, так і з замежных архіваў, а таксама сучасныя здымкі зь мясьцін у цэнтры сучаснай Беларусі, якія былі памежнымі ў 1920-х і 1930-х. У кнізе згадваецца і польскі Корпус аховы памежжа, і савецкія памежнікі, і кантрабандысты, і дывэрсанты, і звычайныя беларусы, якія два дзясяткі год жылі, падзеленыя «мяжой цывілізацый».

Памежнік каля брамы польскага памежнага комплексу на станцыі Коласава (цяпер Стаўпецкі раён Менскай вобласьці), 1934 год. Фота з нацыянальнага архіву Нідэрляндаў у Гаазе, аўтар фота — Вільям ван дэр Пол
Памежнік каля брамы польскага памежнага комплексу на станцыі Коласава (цяпер Стаўпецкі раён Менскай вобласьці), 1934 год. Фота з нацыянальнага архіву Нідэрляндаў у Гаазе, аўтар фота — Вільям ван дэр Пол

Усяго на савецка-польскай мяжы было чатыры пераходы, але менавіта Коласаўскі быў найбольш вядомы. Менавіта праз Коласава ішоў цягнік Парыж — Уладзівасток, менавіта пра выпадак на гэтым памежным пераходзе Маякоўскі напісаў свой «Верш пра савецкі пашпарт». Гэтае месца Мельнікаў апісвае як «вароты ў эўрапейскую цывілізацыю» для савецкіх грамадзян і «вароты ў савецкі сьвет», адпаведна, для жыхароў Эўропы і Амэрыкі.

Звычайна фатографаў у такія месцы не пускалі, бо здымаць на памежнай тэрыторыі было забаронена. Але ў 1934 годзе галяндзкі фатограф Вільям ван дэр Пол здабыў усё ж дазвол на здымкі — а Мельнікаву ўдалося атрымаць дазвол на выкарыстаньне здымкаў ад галяндзкага архіву.

Тыповая «стражніца» Корпусу аховы памежжа, зробленая паводле праекту Тадэвуша Навакоўскага. Фота: C. Платэр-Зыбэрк
Тыповая «стражніца» Корпусу аховы памежжа, зробленая паводле праекту Тадэвуша Навакоўскага. Фота: C. Платэр-Зыбэрк

«У 1924 годзе КАП пачаў ахоўваць польска-савецкую мяжу, пачалі ўзводзіцца такія тыповыя „стражніцы“, якіх на мяжы было збудавана шмат, — кажа Мельнікаў. — У кнізе я апісваю, дзе знаходзіліся гэтыя стражніцы і як выглядалі. У Беларусі такіх будынкаў ужо не захавалася, але вядомыя месцы, дзе яны былі, там яшчэ ляжаць артэфакты, і нешта, што знаходжу, зьбіраю ў прыватную калекцыю».

Савецкія памежнікі пазіруюць нямецкаму фатографу на мяжы БССР і Нямеччыны, 1940
Савецкія памежнікі пазіруюць нямецкаму фатографу на мяжы БССР і Нямеччыны, 1940

Калі Польшча была падзеленая між Нямеччынай і СССР у верасьні 1939 году, савецкіх памежнікаў са старой мяжы перавялі на новую, пад Бугам. Але і «старая» мяжа ня зьнікла, а была ператвораная Саветамі ў «зону загароды». Здымак вышэй Мельнікаў набыў больш як за 150 эўра з уласнай кішэні — гісторык кажа, што гэтыя памежнікі якраз маглі ахоўваць і «старую» мяжу, і «новую».

«У кнізе я апісваў і савецкую памежную ахову, як яна змагалася супраць кантрабандыстаў і выведнікаў, якія рэпрэсіі чыніла супраць жыхароў памежных тэрыторый», — кажа гісторык.

Разьбітае доўгатэрміновае ўмацаваньне (ДАК) пасьля баёў савецкіх памежнікаў зь немцамі, 1941 год
Разьбітае доўгатэрміновае ўмацаваньне (ДАК) пасьля баёў савецкіх памежнікаў зь немцамі, 1941 год

«Я зьвяртаю вялікую ўвагу на незаслужана забыты момант — гераічную абарону Менскага ўмацаванага раёну ў 1941 годзе, на Заслаўі тры дні абарона трымалася, — кажа Мельнікаў. — Менскі ўмацаваны раён тады быў слаба падрыхтаваны да баявых дзеяньняў супраць немцаў, бо яго рыхтавалі да 1939 году на выпадак вайны супраць Польшчы, але не прыйшлося ваяваць — мяжа „паехала“ на 300 км на захад. Раён спачатку замарозілі, а потым пасьпелі за некалькі тыдняў да пачатку вайны зь Нямеччынай прывесьці ў парадак, але ня ўсе ДАКі.

Ён мог бы адыграць такую ж ролю, як Кіеўскі, які трымаўся месяц, але не адыграў цалкам. Але ўсё роўна — жаўнеры змагаліся, не далі немцам адразу ўварвацца ў Менск. Да сёньняшняга дня бачныя сьляды баёў, побач з ДАКамі знаходзілі парэшткі жаўнераў-чырвонаармейцаў».

Ваша меркаваньне

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG