Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Дзяржаўнае выдавецтва выдала кнігу двойчы рэпрэсаванага беларускага пісьменьніка


Ілюстрацыйнае фота
Ілюстрацыйнае фота

Як жылі і пісалі пад дуламі энкавэдысцкіх пісталетаў? Што рабіць, каб пацяплела? Як падзяліць кабанчыка? Агляд кніжных навінак менскага выдавецтва «Мастацкая літаратура».

Сёлета споўнілася 105 гадоў з нараджэньня сябра бабруйскай філіі літаратурнага аб’яднаньня «Маладняк» Барыса Мікуліча. Двойчы рэпрэсаваны (у 1937-м і 1949-м), Барыс Мікуліч сканаў у Краснаярскім краі, куды быў выпраўлены на вечнае пасяленьне. А праз тры месяцы па сьмерці пісьменьніка рэабілітавалі...

У кнігу «Мае залатыя мары», якую ўклала ягоная траюрадная пляменьніца Тамара Сакалова, увайшлі аповесьць пра Максіма Багдановіча «Разьвітаньне», «Палеская аповесьць», апавяданьні, імпрэсіі, этуды, легенды закатаванага пісьменьніка.

Творы, якія ўвайшлі ў «Мае залатыя мары» (і тыя, што не ўвайшлі), адрасаваны чытачу, які не баіцца думаць і не баіцца ўявіць сябе самога ў часы, калі жыў і пісаў Барыс Мікуліч. Часы пад дуламі энкавэдысцкіх пісталетаў.

Барыс Мікуліч арыштаваны 26.11.1936 года ў Менску як «чалец контрарэвалюцыйнай нацыянал-фашысцкай арганізацыі» і за «антысавецкую дзейнасьць» асуджаны на 10 гадоў. У 1943-м быў пераведзены ў катэгорыю ссыльных. Пасьля вызваленьня ў 1946-м пераехаў у Ашгабад да старэйшай сястры Кацярыны, нягледзячы на тое, што яму было забаронена жыць у сталіцах. У чэрвені 1947-га без дазволу уладаў вярнуўся ў Беларусь. Жыў у Бабруйску, у Цераховічах на Лагойшчыне. У лістападзе 1947 году зь яго была зьнятая судзімасьць. Арыштаваны паўторна 28 красавіка 1949 году, высланы ў Сыбір на вечнае пасяленьне. Жыў у сяле Машукоўка Краснаярскага краю, дзе і памёр. Рэабілітаваны 29 сьнежня 1954, праз тры месяцы пасьля сьмерці.

Гэтая кніга, укладзеная знаным фальклярыстам Уладзімерам Васілевічам, нікога не пакіне абыякавым: і таго, хто будуе хату, і таго, хто зьбіраецца ў дарогу. Прывабіць «Ад парога ў сьвет дарога» і тых, хто любіць рыбу вудзіць альбо паляваць. Станецца яна цікавай і таму, хто займаецца агародніцтвам ці гадуе сьвіней ці кароў. А як і адно кот ці сабака ёсьць, дык і таго досыць на павер’е. А ўжо прадказаньні надвор’я — і па агні і дыме, і па стане паводзінаў чалавека, і па стане дрэваў ды расьлінаў...

Ці ўсе прыкметы спраўджваюцца? Кожны можа праверыць сам. Рэдактарка кнігі Аксана Спрынчан распавядае, што акурат калі яна чытала рукапіс, было задужа холадна, а тут павер’е: «Каб маразы зьменшыліся, пералічваюць уголас імя і прозьвішча 12 лысых». Яна выклала ў Facebook у спадзеве на пацяпленьне, пагатоў зь іхнімі творамі заўжды цёпла, імёны безвалосых беларускіх літаратараў: Кандрата Крапівы, Цішкі Гартнага, Усевалада Сьцебуракі, Якуба Коласа, Зьмітра Плакса, Навума Гальпяровіча, Паўла Ляхновіча, Барыса Пятровіча, Аркадзя Куляшова, Алеся Жука, Уладзімера Ягоўдзіка, Алеся Разанава. І сапраўды пацяплела...

А ўжо паэзіяй прасякнутая гэтая кніга наскрозь. Уявіце толькі: «Гаспадыня, калі робіць квактусе гняздо і садзіць яе, увесь час застаецца ў белай (чыстай) адзежы, каб куркі вывеліся белыя; калі хоча атрымаць стракатых куранят, галаву ўпрыгожвае кветкамі».

Альбо: «Той, хто вырабляе сьвечкі, павінен сьмяяцца, каб ярка гарэлі». І як тут не засьмяяцца, каб кніга «Ад парога ў сьвет дарога» «ярка гарэла» ў руках чытачоў.

«Дзяльба кабанчыка: аповесьці, апавяданьні» — гэта яшчэ адна навінка «Мастацкай літаратуры», якая знойдзе сваіх прыхільнікаў. Кніга выдаецца ў сэрыі «Бібліятэка выбраных твораў», заснаванай летась. За год яна сталася папулярнай у чытачоў. Дзіва што: у кнігі гэтай сэрыі ўваходзіць найлепшае, тое, што просяць і просяць у выдаўцоў бібліятэкары (а яны ўжо дакладна ведаюць чытацкі попыт).

Таму і не зазнаюць расчараваньняў пісьменьнікі ды іхныя нашчадкі, што яны трапілі ў зборнік, а не выдадзеныя асобнай кнігай. Ды і хто б ня марыў быць у гэткай сябрыне: Вячаслаў Адамчык, Віктар Казько, Віктар Карамазаў, Анатоль Кудравец, Барыс Сачанка? Укладальніца кнігі Аксана Спрынчан нават ня ведае, які твор гэтай кнігі параіць прачытаць першым: «Вочы поўныя жыцьця і страху» Вячаслава Адамчыка, «Галяпагас» Віктара Карамазава, «Сьмерць нацыяналіста» Анатоля Кудраўца ці «Вечны кругазварот» Барыса Сачанкі... Кніга не малая — 25 аркушаў; блізкія творы знойдзе кожны. У аповесьці «Цьвіце на Палесьсі груша», якая таксама ўпрыгожыла гэтую кнігу, Віктар Казько напісаў: «Ад добрых людзей, асабліва калі яны з Палесься... павявае пахам сьпелых і салодкіх груш». Магчыма, чытаючы гэтую кнігу, вы таксама адчуеце слодыч і водар родных людзей і роднага слова.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG