Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У «Галіяфах» выйшла кніга амаль 100-гадовага літаратурнага дэбютанта


Яшчэ адзін дэбютант менскага выдавецтва «Галіяфы» мае 15 гадоў.

Які ўзрост самы спрыяльны для літаратурнага дэбюту? Напэўна, той, калі ўжо маеш што сказаць чытачу. 20, 30, у некаторых 40 ці нават 50 гадоў. А вось у выдавецтве «Галіяфы» выходзяць кніжкі, аўтары якіх будуць унікальнымі дэбютантамі. Вікенці Мароз выдае сваю першую кнігу ў 93, а Янка Каліноўскі — у 15.

«Перажытае-незабытае» Вікенці Мароз наважыўся выдаць толькі на схіле жыцьця з цалкам зразумелай прычыны — баяўся за лёс дзяцей і ўнукаў. А прычынаю боязі — факт ягонай вучобы падчас нямецкай акупацыі ў Нясьвіскай настаўніцкай сэмінарыі і сяброўства ў Саюзе беларускай моладзі, пра што ён сказаў родным ужо ў незалежнай Беларусі. Як згадвае сын Уладзімер, сказаў пра тое бацька «безь вялікага акцэнту — ну, песьні сьпявалі, вершы вучылі, фэсты ладзілі. Сэмінарыя ж была спрэс беларускай, як магло быць іначай? Немцы ні разу нават не заходзілі туды. Дарэчы, цікава адзначыць, што там вучыўся, але на курс вышэй, будучы сьвятар Аляксандар Надсан. Я пытаўся ў бацькі — яны былі незнаёмыя. Але ж бачылі адзін аднаго ў твар, ходзячы аднымі і тымі ж сьцежкамі. Цяпер мне думаецца, што самому бацьку пашанцавала, што ніхто не „настукаў“ на яго аб СБМ у пасьляваенны час».

«Ніхто не настукаў», і дзякуючы гэтаму Вікенці Мароз адпрацаваў усё жыцьцё настаўнікам на Берасьцейшчыне і захаваў для сёньняшніх чытачоў надзвычай цікавыя ўспаміны. Яны асабліва захопяць землякоў яго роднай Нясьвіжчыны, пра жыцьцё якой у дваццатыя і трыццатыя гады мінулага стагодзьдзя ніхто да яго так падрабязна і таленавіта не пісаў.

Кніга зьявіцца на паліцах кнігарняў на наступным тыдні.

А цягам кастрычніка «Галіяфы» выдадуць «Падслуханае сьценамі шматпавярховак». Гэта першы зборнік пятнаццацігадовага Янкі Каліноўскага. Малады паэт друкуецца пад псэўданімам, які, на думку аўтара прадмовы Віктара Жыбуля, шмат што тлумачыць у ягоным сьветапоглядзе.

«Сёньня, калі, здавалася б, усё ўжо даўно напісана, ступаючы на літаратурную сьцяжыну, мусіш адчуваць сябе рыцарам. Ваяром. Бунтаром. Каліноўскім. Асабліва калі табе 15 гадоў і ты, поўны рамантычных мар і спадзяваньняў, шукаеш свой ідэал. І нават ня мае значэньня, хлопец ты ці дзяўчына, Кастусь ты ці ўсё ж Янка... Каліноўскі — гэта стан тваёй душы, а выява яго, намаляваная на вокладцы твайго нататніка, пазірае на цябе штодня — і натхняе на стварэньне новых вершаў, гэтаксама як натхняюць галасы Ена Кёртыса і Лявона Вольскага, кнігі Чарльза Букоўскі, Франца Кафкі, Говарда Лаўкрафта і, як можна здагадацца, сучасных нашых паэтак Вальжыны Морт, Вольгі Гапеевай і Вікі Трэнас... Малады аўтар ужо мае публікацыі ў часопісах „Маладосць“ і „Бярозка“ і, будзем спадзявацца, скажа яшчэ не адно слова ў літаратуры. Можа, у іншай іпастасі і пад іншым прозьвішчам (бо „ўсё жыцьцё — суцэльны сакрэт“)», cьцьвярджае Віктар Жыбуль.

Ваша меркаваньне

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG