Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Разьвітальная. Мацьвей Ганапольскі пра Ўкраіну без Расеі


Мацьвей Ганапольскі.

Далікатныя прамяні сонца кранаюць вежы Крамля... Калі вы зьдзівіцеся такому вычварнаму пачатку, то не турбуйцеся — я ў канцы ўсё растлумачу. Наогул, для кагосьці гэтая публікацыя, магчыма, будзе адкрыцьцём, для кагосьці — нагодай для злосьці, але ў ёй праўда. І гучыць гэтая праўда такім чынам: Украіна і ўкраінцы «забили» на Расею.

Далікатныя прамяні сонца кранаюць вежы Крамля... Калі вы зьдзівіцеся такому вычварнаму пачатку, то не турбуйцеся — я ў канцы ўсё растлумачу. Наогул, для кагосьці гэтая публікацыя, магчыма, будзе адкрыцьцём, для кагосьці — нагодай для злосьці, але ў ёй праўда. І гучыць гэтая праўда такім чынам: Украіна і ўкраінцы «забили» на Расею. І калі ўжываю гэтае слова «забили», то вы замест гэтага слова можаце паставіць любы не акадэмічны сынонім. Любы!

Як бацькі і маці Расеі адпраўлялі сваіх дзяцей ваяваць у Данбас, а потым згаджаліся — за невялікія грошы — каб іх забітых дзяцей хавалі ў безыменных магілах.

Калі-небудзь гісторыя расейска-ўкраінскага расстаньня аддаліцца ў часе ад эмоцый, ад здрады і ахвяраў, і нейкі гісторык напіша тоўстую кнігу, дзе крок за крокам дасьледуе, як Расея выпальвала з Украіны любоў і пяшчоту да сябе. А яна была, гэтая любоў і пяшчота. Ён апіша, як кавалак зямлі апынуўся важнейшым за сумесную гісторыю і барацьбу ў паўтысячы гадоў. Як бацькі і маці Расеі адпраўлялі сваіх дзяцей ваяваць у Данбас, а потым згаджаліся — за невялікія грошы — каб іх забітых дзяцей хавалі ў безыменных магілах. Як велізарнае годнае расейскае грамадзтва, напоўненае выдатнымі шчодрымі людзьмі, якія і беднага абагрэюць, і сабаку на мароз ня выганяць, хуценька пагадзілася з тэзісам «было ваша — стала наша», і зараз ніводзін кандыдат у прэзыдэнты нават і ня пікне, што Крым і Данбас трэба вярнуць — гэта, прабачце, не электаральна.

Калі-небудзь гэты разумнік-навуковец адкрые вялікую таямніцу расейскага народу, які ў XXI стагодзьдзі, трымаючы ў руках найноўшы айфон, пакорліва згаджаецца на санкцыі, стагнацыю эканомікі і раздушаныя трактарам францускія сыры. Калі-небудзь гэты навуковец апіша неверагодны фэномэн адзінай расейскай «скрэпы» — атамнай бомбы. І ня трэба хлусіць, што ёсьць нейкая другая «скрэпа», бо, калі б была другая, то яна абʼядноўвала б гэты дзікі набор тэрыторыяў. Але няма ніякай іншай «скрэпы», а ёсьць бомба, яна ж — сіла, яна ж — права на гвалт над кім заўгодна, таму што «нам за гэта нічога ня зробяць». Усё існуе толькі для скокаў вакол гэтай бомбы — для яе зноў прымаюць у піянэры, апраўдваюць Сталіна, праводзяць вучэньні, ставяць помнікі людажэру Івану Грознаму і вынаходніку аўтамата, які гэты аўтамат не канструяваў.

У гэтай кнізе будзе апісаны фэномэн расейскага тэлебачаньня, дзе пасьля трох гадоў агрэсіўнай палітыкі ва ўсіх вячэрніх паліт-ток-шоў толькі адна тэма — Украіна. І руская палітоляг гарлапаніць на заежджага ўкраінца: «Пройдзе некалькі месяцаў, і вам трэба будзе пасьпець дабегчы да канадзкай мяжы!». А вядучы аўтарытэтна заяўляе: «Ісламская дзяржава паводле ідэалёгіі — гэта Ўкраіна. Батальёны „Ісламскай дзяржавы“ адпачывалі ў Крыме, пакуль Крым не вярнуўся ў родную гавань». Але, галоўнае, у гэтай кнізе будзе адкрыта самая галоўная расейская таямніца: чаму вялікі народ не патрабуе ад сваёй няшчаснай улады вялікай будучыні. А гэта самая вялікая таямніца ў сьвеце.

Дык вось, Украіна на гэта ўсё «забила»! Як няшчасная жонка, якую зьбіў муж і, забраўшы яе рэчы, сышоў з дому, Украіна пацярпела-пацярпела, паплакала-паплакала і... вырашыла жыць далей, але ўжо бяз мужа. Яна парвала і кінула ў сьмецьце ўсе яго фатаграфіі, туды ж паляцелі забытыя ім рэчы. Яна знайшла ў сабе сілы хадзіць на працу і выхоўваць дзяцей. А праз тры гады гэтага мужа як быццам і не было ў яе жыцьці і памяці. Так і Ўкраіна: у яе гарадах зьніклі вуліцы, якія нагадваюць пра Расею, пра герояў рэвалюцый, рэпрэсій усіх часоў і яе бомбы; па тэлевізары не паказваюць сэрыялы, якія праслаўляюць братву, ВОХР і справядлівых мянтоў; сюды едуць толькі тыя людзі, якія не парушаюць яе законаў. Вядома, Украіна цалкам разумее, што яна ня цэнтар турыстычнага сусьвету. Проста на яе тэрыторыі не павінна быць прадстаўнікоў вось гэтага «вохровского» духу гвалту і ўсёдазволенасьці.

Як няшчасная жонка, якую зьбіў муж і, забраўшы яе рэчы, сышоў з дому, Украіна пацярпела-пацярпела, паплакала-паплакала і... вырашыла жыць далей, але ўжо бяз мужа.

Аказалася, што ўсё, чым жыла Ўкраіна, адчуваючы сябе правінцыяй, а Расею мэтраполіяй, якая нясе сьвятло, культуру і веды, — усё гэта можна забыць і пачаць спачатку, бо сьвятло згасла, а «брат» паказаў, як можна «культурна» адабраць тваю зямлю, а потым хлусіць і забіваць тваіх грамадзян. Можна пачаць усё спачатку, адчуўшы сябе нармальнай краінай. Аказалася, што абысьціся без расейскага кантэксту ў сваім штодзённым жыцьці вельмі проста: зьявіліся свае пісьменьнікі, артысты, уладары дум і сьвецкія львіцы. Па тэлебачаньні кажуць пра Расею толькі ў сувязі з вайной альбо калі там зьдзекуюцца з апазыцыі. А так — цікавіць усё сваё. Цікавіць, калі будзе лепшае жыцьцё, хто можа стаць новым прэзыдэнтам, калі правядуць дарогі і падвысяць зарплаты. Усе гэтыя пытаньні, зразумела, не прадугледжваюць існаваньня ў галаве ва ўкраінца Расеі.

Расея зьнікла з радараў, асабліва для маладога пакаленьня, якое не плянуе бываць у Расеі, вучыцца там і працаваць. Ёсьць велізарная Эўропа, ёсьць ангельская мова, а для «чорнай» працы ёсьць Польшча, якая прымае любую колькасьць сэзонных работнікаў. Увогуле, Расея зьнікла з Украіны. Як з культурнага і бытавога кантэксту, так і з думак і з галоваў. Яна, Расея, яшчэ мучыць Украіну ў Данбасе, але калісьці і адтуль сыдзе.

Увогуле, Расея зьнікла з Украіны. Як з культурнага і бытавога кантэксту, так і з думак і з галоў.

Ну, і цяпер — пра першую фразу гэтага тэксту. Ён цалкам у духу Паўночнай Карэі. Паўночныя карэйцы, як вядома, жывуць у прыдуманай іх кіраўніцтвам рэальнасьці, сапраўды гэтак жа, як і Расея. Падданым Кім Чэн Ына паказалі па тэлевізары, як яны выйгралі чэмпіянат сьвету па футболе, як высадзіліся на Месяц і вярнуліся, як абляцелі Сонца і выжылі. Нядаўна ім паказалі, як іх сьмелая ракета падбіла амэрыканскі авіяносец. У паўночных карэйцаў ёсьць свая адзіная «скрэпа» — гэта вайна, сапраўды як атамная бомба ў Расеі. Карэйцы жывуць вайной, яны лічаць, што вайна і ня скончыцца да поўнай перамогі ідэяў чучхэ над амэрыканскім імпэрыялізмам, і ў імя гэтай мэты яны гатовыя загубіць увесь свой народ. Вялікія розумы сусьветнай палітыкі вырашаюць, што рабіць з гэтай Карэяй, пакуль перамагае такі пункт гледжаньня: рабіць ня трэба нічога — трэба проста адысьці ў бок. Так і з Расеяй — Украіна адышла ў бок і пайшла сваёй дарогай.

Безумоўна, кожную раніцу далікатныя прамяні сонца кранаюць вежы Крамля. Але Ўкраіна «забила» на гэтыя вежы. Яны яе больш не цікавяць.

Мацьвей Ганапольскі — палітычны публіцыст, журналіст «Эхо Москвы»

Арыгінал публікацыі ТУТ.

Меркаваньні, выказаныя ў блогах, перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.

Ваша меркаваньне

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG