Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Анатоль Стрэляны: У Расеі ёсьць толькі адзін вораг... Украінская мова


Піша Анатоль Стрэляны, пісьменьнік і публіцыст, вядучы перадачы рускай Свабоды «Вашы лісты».

Чаму Расея прыкметна моршчылася пры першым пасьлясавецкім прэзыдэнце Ўкраіны Краўчуку? Таму што пачала падымаць галаву ўкраінства. Заявіла пра сабе тое, што савецкая прапаганда з Другой сусьветнай вайны называла бандэраўшчынай. На слыху быў галоўны бандэравец Чарнавіл зь яго людзьмі. Яны шумелі, грубіянілі саўку ў галовах большасьці насельніцтва Ўкраіны, спрабавалі зацьвердзіцца як галоўная сіла ў краіне.

Расея перажыла б самую поўную незалежнасьць Украіны, калі б тая зьбіралася заставацца ў такой жа меры расейскамоўнай і суржыкавай, як у СССР. Больш за тое, абвясьці Ўкраіна канчатковае абрусеньне сваёй нацыянальнай мэтай, Расея перажыла б самую панадлівую яе дэмакратыю. Розумам гэта не да канца разумеюць нават першыя асобы Расеі, ня кажучы аб астатніх, але ў падкорцы ў іх менавіта такая Ўкраіна.

У чым пераконваюць насельніцтва Расеі крамлёўскія ТБ, радыё, газэты? Ці кажуць яны: глядзіце, людзі, што робяць гэтыя ўкраінцы па гаспадарчай частцы, нас не пытаючыся? Не, з году ў год упор на іншае: глядзіце, людзі, як настойліва гэтыя ўкраінцы ад нас адсоўваюцца — дайшлі да таго, што хочуць, каб усё ў іх там было па-ўкраінску. Нацыяналісты, адным словам, бандэраўцы. Гэта значыць здраднікі.

Пры гэтым у Кучмы пад рукой заўсёды быў бандэравец

Чаму ельцынская Расея амаль прыязна ставілася да Ўкраіны ў гады прэзыдэнцтва Кучмы? Той улавіў, што трэба Расеі для поўнага шчасьця. Для поўнага шчасьця Расеі трэба адно: каб ва Ўкраіне ўсё больш бачна пераважала расейскасьць. Ну, і казённая балбатня Кіева пра вечнае братэрства. Вось і лады, вырашыў Кучма. Чым бы Масква ні цешылася, абы не руйнавалі нас сваім газам. Калі вам падабаецца, каб мы мелі то-то і то-то з расейскай мовы на нашых абшарах, мы ня супраць, атрымлівайце сваю цацку!

Пры гэтым у Кучмы пад рукой заўсёды быў бандэравец. Калі яму, Кучму, было трэба, ён казаў Ельцыну: «Ды я б, ты ж разумееш, Барыс Мікалаевіч, рады быў бы пайсьці яшчэ далей, ды гэтыя галічане, баюся, падымуць хай, а то і за калы схопяцца». Ён разьлічваў на час — на тое, што, паступова мацуючыся эканамічна, Украіна будзе даваць усё больш волі ўкраінству.

Трэці прэзыдэнт, Юшчанка, паклаў канец гэтай гульні. Украінства заявіла пра сябе ўсурʼёз. Гэтага палітыка ворагам Расеі ў яе вачах зрабіла яго хатняя ўкраінская мова. Мова і толькі мова — не ахці якая, але ўкраінская хатняя. Усё астатняе — дробязі. Калі б Юшчанка прамаўляў непрыемныя для Масквы прамовы на хатняй расейскай мове, яна і вухам бы не павяла.

Чаму Расея ўклала вялікія грошы ў выбарчую кампанію Януковіча? Таму што яго хатняй мовай быў данецка-расейскі блатняк. Блатняк, але расейскі. Чаму Расея прыняла заляцаньні Цімашэнкі пасьля паразы Януковіча? Таму што яе хатняй мовай была хай днепрапятроўская, але расейская. Чаму Маскву натхніла спроба Юліі зладзіць тандэм з Януковічам, каб удвох валодаць Украінай аж да сканчэньня сваіх зямных тэрмінаў ці пакуль не падрастуць спадкаемцы? Таму што гэта быў бы тандэм хатніх расейскіх моваў зь перавагай блатной.

Без украінскага сяржанта няма расейскага войска. Без украінскага чынушы няма расейскай бюракратыі

У рэшце Януковіч такі перамог Юшчанку. Украіна не пасьпела азірнуцца, як зрабілася чымсьці каламутным амаль у складзе Расеі. Грамадзяне Расеі зьявіліся на многіх ключавых пасадах у Кіеве і абласьцях. Служба бясьпекі Ўкраіны стала злодзейным падразьдзяленьнем пуцінскай гэбухі. Калі і заставаліся нейкія ўкраінскія сакрэты, то прыватныя грашовыя. Кожны чыноўнік меў сваю цану, свабодна прадаваўся і купляўся. «Навошта нам Крым? Нам патрэбная ўся Ўкраіна», — абвясьціў калісьці адзін вядомы думец. І сапраўды: Расеі пры наяўнасьці Януковіча не патрэбен быў Крым — яна мела ўсю Ўкраіну. Моўны закон Ківалава — Калесьнічэнкі, які паставіў крыж на ўкраінстве, быў расейскаму сэрцу даражэй усіх міждзяржаўных дамоваў. Цяпер можна было цалкам засяродзіцца на самым прыемным: на схемах крадзяжоў і адкату. Вялікія ўкраінскія грошы і вялікія расейскія ніколі да гэтага так вольна не гаварылі на адной мове — на мове расейскай братвы.

Майдан-2 зьявіўся ўдарам і для Пуціна, і для Януковіча зь іх людзьмі, але для Пуціна і кампаніі — больш моцным, нягледзячы на тое, што данецкім мелася страціць сваю сетку, ужо накінутую на ўсю краіну. Данецкія — народ просты. Яму што трэба? Каб ішло бабло — больш, яшчэ больш! Крамлёўскім ж, тым, акрамя бабла, патрабуецца сёе-тое яшчэ, а менавіта: каб жыла краіна родная, а якая можа быць у яе жыцьцё, калі Ўкраіна стане Ўкраінай не на паперы, а на справе?!

Расея жыве з перакананьнем, што без расейскай Украіны яна — не яна

Небясьпеку яны адчулі раней і вастрэй за Януковіча, таму што перамога Майдана-2 азначала б пачатак канца «рускага сьвету», якім яны яго бачылі ў сваіх марах. У барыг таксама могуць быць не зусім нізінныя мэты. Вось чаму Пуцін адразу ўзяў гэтую справу ў свае рукі і стаў змагацца з украінскім Майданам як са сваім родным, расейскім. Былі пакліканыя людзі, ня толькі абавязаныя, але і здольныя страляць. І ўсё выйшла б, калі б Майдан-2 спалохаўся і калі б ня жменька людзей, нібы створаных для аргработы ў такой сытуацыі.

Захаваньне і разьвіцьцё Ўкраіны як найважнейшай часткі «рускага сьвету» было і будзе задачай усіх расейскіх задач. Расея жыве з перакананьнем, што без расейскай Украіны яна — не яна. Расеі няма бяз Кіева, без «гэтага прашчура расейскіх гарадоў». Што тут яшчэ тлумачыць? Чаму той жа Хадаркоўскі выходзіць зь сябе ў нападках на Ўкраіну? Паклёпнічае на яе, грубіяніць так, нібы быў на зоне зусім не палітычным. Ён бачыць сябе на чале Расеі, а навошта яна яму ня ўся? Не для таго ён столькі пакутаваў, каб атрымаць нейкі абрубак. А вы ўсё: нафта, газ. Бязь іх лішку Расея можа абысьціся. А вось без украінскага сяржанта... Без украінскага сяржанта няма расейскага войска. Без украінскага чынушы няма расейскай бюракратыі. Без украінскага папа няма расейскага праваслаўя... На самай справе ўсё гэта можа быць і без украінца, але расейскі чалавек думае, што — не, ня можа быць. Гэтага стану расейскай душы не разумее, ці не адчувае Захад, таму што ён жыве ўжо ў іншай эпосе.

У Расеі, карацей, ёсьць толькі адзін вораг, пры думцы пра які яна сумуе сапраўды сьмяротна. Гэта не ЗША, не Захад у цэлым, не Кітай. Гэта — украінская мова.

Ваша меркаваньне

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG