Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Беларусь едзе чачэнскі «бацька» Рамзан Кадыраў


Рамзан Кадыраў

Кіраўнік Чачні Рамзан Кадыраў будзе знаходзіцца зь візытам у Беларусі 25-26 верасьня. Пра гэта сёньня паведаміў на брыфінгу ў Міністэрстве замежных спраў Беларусі прэсавы сакратар міністэрства Дзьмітры Мірончык.

Ён у прыватнасьці адзначыў, што падчас знаходжаньня ў Менску беларускі і чачэнскі бакі разгледзяць пытаньне паглыбленьня прамысловай каапэрацыі.

Беларусь гатовая значна павялічыць пастаўкі ў Чачню грузавой, сельскагаспадарчай і транспартнай тэхнікі. Таксама яна можа прапанаваць сваіх спэцыялістаў, якія маглі б праектаваць новыя абʼекты ў Чачні і працаваць на іх.

Кадыраў пра Лукашэнку: і ў Чачні ён «бацька»

У лістападзе 2016 году кіраўнік Чачні Рамзан Кадыраў у інтэрвію тэлеканалу «Беларусь-1» заявіў, што гатовы наведаць Беларусь, а таксама запрасіў Аляксандра Лукашэнку ў Чачню.

«Нас сапраўды два разы запрашалі, нашы спэцыялісты ў розных напрамках працавалі, але, на вялікі жаль, з розных прычынаў не атрымалася. Я абавязкова прыеду ў Беларусь тады, калі гэта будзе зручна для кіраўніцтва Беларусі. Я ўпэўнены, што неўзабаве мы паедзем у выправу (у Беларусь. — РС). Карыстаючыся нагодай, я запрашаю Аляксандра Рыгоравіча наведаць Чачэнскую Рэспубліку. Гэта будзе для нас вельмі важна і палітычна, і эканамічна», — сказаў ён.

Кадыраў тады заявіў, што Лукашэнку паважаюць ня толькі ў Беларусі, але і за яе межамі: «Як у народзе яго называюць „бацька“, так ён і тут „бацька“. Яго ўсюды чакаюць, слухаюць і чуюць».

Хто такі Кадыраў

40-гадовага Рамзана Кадырава абвінавачваюць у карупцыі, масавых парушэньнях правоў чалавека, забойствах палітычных апанэнтаў і нават асабістым удзеле ў катаваньнях людзей. Праваабаронцы сьцьвярджаюць, што ён фактычна пабудаваў у межах Чачні таталітарную дзяржаву.

У першую чачэнскую вайну (1994–1996 г.) Рамзан Кадыраў ваяваў за сэпаратыстаў, а падчас другой перайшоў на бок фэдэральнага ўраду — яму нават надалі званьне Героя Расеі. Перш чым стаць прэзыдэнтам Чачні, Кадыраў быў кіраўніком службы бясьпекі прэзыдэнта Чачэнскай Рэспублікі і прэм’ер-міністрам Чачні.

У 2014 годзе Кадыраў падпаў пад санкцыі ЭЗ і ЗША ў сувязі з украінскімі падзеямі.

Ваша меркаваньне

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG