Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Чачні працягваецца кампанія па ўзьяднаньні разьведзеных сем’яў. З такой ініцыятывай у пачатку ліпеня выступіў кіраўнік рэспублікі Рамзан Кадыраў.

«Трэба абудзіць людзей, расказваць, тлумачыць. Вярнуць жанчын, якія сышлі ад мужоў, памірыць іх — гэта наша першая задача», — заявіў Кадыраў. Паводле яго, дзеці зь няпоўных сем’яў больш падатлівыя да ўплыву экстрэмістаў.

жанчына ня ведае, зь якім з былых мужоў ёй ўзьядноўвацца

У сувязі з гэтай кампаніяй адбываюцца і трагікамічны выпадкі — прыкладам, калі двойчы разьведзеная жанчына зь дзецьмі ад абодвух шлюбаў ня ведае, зь якім з былых мужоў ёй ўзьядноўвацца. Муфціят не дае адназначнага адказу на гэтае пытаньне.

У Чачні пачалі адкрываць штабы па выратаваньні шлюбаў: імамы, чыноўнікі і прадстаўнікі праваахоўных структур прыняліся за складаньне сьпісаў разьведзеных. Прымірэньнем мужа і жонкі займаюцца спэцыяльныя камісіі пры ўдзеле рэлігійных дзеячоў.

Паводле сакратара агульнагарадзкога штабу па гарманізацыі шлюбна-сямейных адносін Грознага Расула Ўспанава, разьведзеных мужа і жонку запрашаюць у штаб паасобку і прапануюць ім памірыцца. «Калі мула, які пагаварыў з разьведзенымі, бачыць, што разьведзеныя хаця б на два працэнты хочуць сысьціся, падключаюцца бацькі», — распавядае ён.

што рабіць тым, якія пасьпелі здабыць шчасьце ў новым шлюбе?

Якім спосабам мула вызначае гэтыя два працэнты, не паведамляецца. Таксама незразумела, ці падпадаюць пад праграму аднаўленьня сем’яў тыя грамадзяне, якія разьвяліся шмат гадоў назад (інакш кажучы, ці ёсьць тэрмін даўнасьці). І што рабіць тым, які пасьля расстаньня ўжо пасьпелі здабыць шчасьце ў новым шлюбе?

У муфціяце Чачні на гэты запыт нашага радыё ніхто не адказаў.

У Чачні да ініцыятывы Рамзана Кадырава ставіцца па-рознаму. Адны лічаць, што ўзьяднаньне — у любым выпадку на карысьць. Іншыя выступаюць супраць.

Наш суразмоўца Салман, напрыклад, абураны умяшаньнем рэспубліканскіх уладаў у ягонае прыватнае жыцьцё:

«Ні муфці Чачні, ні мула ня ведаюць, як я жыў з былой жонкай. Яны ня ведаюць прычын разводу! Чаму ж тады мне яе навязваюць? Калі мужчына, нягледзячы на наяўнасьць дзяцей, разьвёўся, значыць, у яго былі на тое падставы!»

Салман успамінае гісторыю свайго прыяцеля, былая жонка якога занялася махлярствам і цяпер вінаватая знаёмым два мільёны рублёў:

ён паняцьця ня мае, на што жонка грошы марнавала

«Ён паняцьця ня мае, на што жонка гэтыя грошы марнавала! І тут на днях гэтая прымірэнчая камісія прыводзіць былую жонку ў яго дом і абвяшчае, што цяпер яны будуць жыць разам. Яна яму не патрэбная, але прыяцель не ў сілах супрацьстаяць уладам».

Паводле Салмана, ягонаму сябру паставілі ўмову: альбо ён жыве з былой жонкай, альбо траціць працу і зьяжджае з Чачні.

«Вось і жывуць. Толькі яна ў асобнай хаце, а ён на сваёй тэрыторыі», — кажа Салман.

Цалкам матэрыял чытаць тут.

Ваша меркаваньне

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG