Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Кадыраў: «Калі Расея будзе падтрымліваць тых шайтанаў, якія ўчыняюць злачынствы, я супраць пазыцыі Расеі»


Кіраўнік Чачэнскай Рэспублікі Рамзан Кадыраў выступае на мітынгу ў Грозным, 4 верасьня 2017

4 верасьня ў сталіцы Чачні Грозным на цэнтральнай плошчы гораду, каля мячэту «Сэрца Чачні», прайшла акцыя супраць перасьледу мусульманаў у М’янме. Паводле арганізатараў у мітынгу ўзялі ўдзел больш за мільён чалавек.

Удзельнікі прыйшлі на акцыю з транспарантамі з заклікамі супраць «генацыду» народа рагінґʼя ў М’янме. Гучалі заклікі адправіць у М’янму «армію»:

Вядомы расейскі апазыцыйны палітык Аляксей Навальны у сваім Твітары ахарактарызаваў сёньняшнюю акцыю ў Грозным наступным чынам: «Паслухайце і жахніцеся. Мы стварылі ў Расеі і спансаруем падаткамі экстрэмісцкі ісламісцкі рэжым, які пагражае сьвету арміяй сьмяротнікаў».

Выданьне «Кавказ.Реалии» (праект Радыё Свабода) са спасылкай на свае крыніцы паведаміла, што жыхароў Чачні абавязалі з’явіцца на акцыю праз мэсэнджары. Кіраўнік Чачні Рамзан Кадыраў на мітынгу запатрабаваў міжнароднага расьсьледаваньня дзеяньняў уладаў М’янмы, якія ён назваў «злачынствамі супраць чалавечнасьці». Раней ён некалькі разоў асудзіў «бязьдзейнасьць» ААН і заявіў, што не пагодзіцца з уладамі Расеі, калі яны падтрымаюць перасьлед мусульманаў у М’янме.

«Калі нават Расея будзе падтрымліваць тых шайтанаў, якія ўчыняюць злачынствы, я супраць пазыцыі Расеі», — сказаў кіраўнік Чачні ў прамым эфіры ў сваім Інстаграме (запіс трансьляцыі быў пазьней выдалены, аднак ён захаваўся на YouTube).

У расейскім міністэрстве замежных справаў заявілі, што Масква «ўважліва сочыць» за сытуацыяй у М’янме, і заклікае бакі канфлікту вярнуцца да наладжваньня дыялёгу.

Ваша меркаваньне

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG