Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Амэрыканскія ўстановы абавяжуць выдаліць антывірус расейскай «Лябараторыі Касьперскага»


Міністэрства ўнутранай бясьпекі ЗША загадала ўсім дзяржаўным ўстановам краіны на працягу 90 дзён выдаліць любыя прадукты антывіруснай кампаніі «Лябараторыя Касьперскага».

Пра гэта гаворыцца ў заяве, апублікаванай на сайце ведамства ў сераду, 13 верасьня.

Паводле паведамленьня, дзяржустановы павінны на працягу 30 дзён выявіць, якія прадукты кампаніі выкарыстоўваюцца ў офісах, і на працягу 60 дзён распрацаваць плян па іх выдаленьні.

У якасьці прычыны міністэрства называе рызыкі інфармацыйнай бясьпекі. Дадзеныя кампутараў з усталяванымі праграмамі «Лябараторыі Касьперскага» могуць быць выкарыстаны для кібэратакі зламысьнікаў, гаворыцца ў заяве.

«Дэпартамэнт занепакоены сувязьзю паміж некаторымі супрацоўнікамі „Касьперскага“ і расейскай выведкай і іншымі дзяржаўнымі органамі, а таксама патрабаваньнямі расейскага заканадаўства, якія дазваляюць расейскім спэцслужбам запытваць або прыцягваць дапамогу ад „Касьперскага“ і перахопліваць камунікацыі, якія праходзяць праз расейскія сеткі», — адзначылі прадстаўнікі ведамства.

Як паведамляе расейскі інфармацыйны партал Lenta.ru, у канцы чэрвеня агенты Фэдэральнага бюро расьсьледаваньняў (ФБР) наведалі ня менш за 10 супрацоўнікаў «Лябараторыі Касперскага», якія пражываюць у ЗША. Тады ў спэцслужбе адзначалі, што ня маюць прэтэнзій да супрацоўнікаў антывіруснай кампаніі і спрабавалі высьветліць, якую інфармацыю антывірус можа перадаваць у Расею.

XS
SM
MD
LG