Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Bloomberg: «Лябараторыя Касьперскага» шчыльна супрацоўнічала з ФСБ


Яўген Касьперскі

«Лябараторыя Касьперскага», расейская кампанія па распрацоўцы антывіруснага сыстэмнага забесьпячэньня, распрацоўвала адмысловыя тэхналёгіі для Фэдэральнай службы бясьпекі Расеі (ФСБ) і перадавала ёй дадзеныя хакераў.

Пра гэта паведамляе агенцтва Bloomberg са спасылкай на ліст кіраўніка кампаніі Яўгена Касьперскага топ-мэнэджарам кампаніі, датаваны 2009 годам.

Па дадзеных выданьня, у дакумэнце гаворыцца аб «сакрэтным праекце», які нібыта вёўся «па вялікай просьбе з Лубянкі».

Bloomberg піша, што гаворка ідзе аб праграмным забесьпячэньні, якое дазваляе ня толькі абараніцца ад хакерскіх нападаў, так званых DDoS-атакаў, але і выявіць месцазнаходжаньне саміх кібэрзлачынцаў. Па выяўленых адрасах адпраўлялі спэцыялістаў, якія ўдзельнічалі ў рэйдзе разам са спэцслужбамі.

Аўтары публікацыі падкрэсьліваюць, што Касьперскі трымаў распрацоўку ў сакрэце ад супрацоўнікаў сваёй фірмы.

29 чэрвеня стала вядома, што амэрыканскім вайскоўцам хочуць забараніць выкарыстоўваць праграмнае забесьпячэньне, распрацаванае «Лябараторыяй Касьперскага». Заканадаўцы ў Кангрэсе мяркуюць, што заснаваную ў Расеі кампанію можа кантраляваць Крэмль і што яна супрацоўнічае са спэцслужбамі. Сам Яўген Касьперскі назваў падобныя сьцвярджэньні галаслоўнымі.

Антывірусамі «Лябараторыі Касьперскага» карыстаюцца 400 мільёнаў чалавек па ўсім сьвеце. Згодна з дасьледаваньнямі кампаніі International Data Corp. У мінулым годзе прадажы «Лябараторыі Касьперскага» склалі 633 мільёны даляраў, зь іх 374 мільёнаў даляраў прыпалі на Заходнюю Эўропу і ЗША.

Ваша меркаваньне

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG