Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ворша 1514 як дуля ў кішэні


Алег Дашкевіч
Алег Дашкевіч

Памятаю прысягу на вернасьць Беларусі 1992 году. Пляц Незалежнасьці. Шэрагі патрыятычных афіцэраў. Урачыстая, натхнёная й крэатыўная імпрэза.

Памятаю Дзень вайсковай славы 1993 году. Марш Беларускага згуртаваньня вайскоўцаў. Уніформа. Прыцемкі. Паходні. Праезная частка праспэкта Скарыны. Прамова Міколы Статкевіча.

Памятаю, як сьвяткавалі 8 верасьня пасьля ганебнага рэфэрэндуму 1995 году. Вялізная калёна на чале зь вершнікамі ў дасьпехах з нацыянальнымі сьцягамі й штандарам з выявай Багародзіцы, шэрагі пешых латнікаў, дудары, Пазьняк, міліцыя з Пагоняй на шэўронах.

З 1996 году новая ўлада пасьлядоўна й жорстка змагалася са сьвятам, бо быў абвешчаны курс на яднаньне з Масквой, куды Ворша 1514 году ніяк не мантажавалася.

Пасьля шэрагу палітычных паразаў у патрыятычных сілаў на сьвята не ставала ні сіл, ні натхненьня. У грамадзтва яшчэ быў запал на ваяцкія песьні ў півярнях Траецкага, зазірнуўшы ў якія выпадковыя расейскія турысты выляталі стуль, як корак, але агульнай карціны гэта не мяняла. Канстанцін Астрожскі разам са сваёй бліскучай перамогай на Крапівенскім полі сыходзіў ў падпольле й партызанку.

Апошнім трымаўся заснаваны Андрэем Мельнікавым і Юркам Копцікам бардаўскі фэст «Аршанская бітва», які штогод праходзіў на Крапівенскім полі, і гледачоў, і ўдзельнікаў якога адлоўлівала міліцыя. (У 2007 годзе было затрымана аж 127 чалавек.) Самаробныя памятныя крыжы на месцы бітвы паскудзілі невядомыя, а само знакамітае поле загадана было разараць.

Але хоча таго ўлада ці не, жыцьцё й час выстаўляе свае патрабаваньні і тое, што здавалася шкодным, раптам набывае іншы знак.

З маскоўскім яднаньнем нешта пайшло ня так, і ўладзе было прапанавана апынуцца ў Расеі шасьцю абласьцямі. Гэта была нібыта поўха сьмерду, каб ведаў сваё месца, з чаго нарадзілася вялікая крыўда менскага рэжыму на заклятых сяброў з Масквы.

З таго часу Дзень вайсковай славы паступова, з большай ці меншай пэўнасьцю, вяртаўся з падпольля. Імпрэзы, прысьвечаныя перамозе пад Воршай і гетману Астрожскаму высьлізнулі з сыстэмы жорсткага перасьледу. Выставы, канцэрты, навуковыя дыскусіі ў гонар Воршы 1514 татальна не забараняліся. У 2014 на Крапівенскім полі з ініцыятывы беларускіх творцаў і мясцовага жыхарства паўстала «Сьцяжына герояў», якая стаіць да сёньня.

Больш за тое, гістарычныя пэрсанажы, якія так ці іначай зьвязаныя з прыніжэньнем Масквы, паступова атрымліваюць месца ў беларускай прасторы. Як многія лічаць, у самым прарасейскім горадзе Беларусі — Віцебску паўстае конны помнік вялікаму князю Альгерду, які неаднаразова «прыхіляў дзіду сваю да брамы маскоўскае».

Сёньняшні рэжым паднатарэў у розных спосабах падражніць расейцаў і адпомсьціць ім за колішнія крыўды. Хоць ён ня можа рабіць гэта адкрыта, але выкарыстоўвае зручныя нагоды.

Сёлета ў сталіцы было аж дзьве імпрэзы, дазволеная й недазволеная, прысьвечаныя Дню вайсковай славы. Дазволеную ладзіла КХП-БНФ у Кіеўскім сквэры, недазволеная прайшла ў самым цэнтры Менску. Хоць яны былі ня надта шматлюдныя, але, як той казаў, карцінка была яскравая.

У мяне трывалае ўражаньне, што напярэдадні «Захаду 2017» улады былі ня надта супраць, каб Дзень беларускай вайсковай славы быў заўважны ў цэнтры сталіцы, таму спачатку арыштавалі, але пасьля выпусьцілі арганізатара акцыі Міколу Статкевіча.

У гэты дзень пад Воршай да «Сьцяжыны герояў» на Крапівенскім полі прыйшлі людзі і ўшанавалі памяць пра перамогу.

Крыжы й валуны з выявамі Пагоні перасталі апаганьваць. Яны стаяць і натхняюць маладых аршанскіх паэтаў, такіх як Аляксандар Макарэвіч на творчасьць у гонар незалежнасьці Айчыны.

Хоць цяпер няма ўжо бардаўскага фэсту на Крапівенскім полі, але ў той самы час сто тысяч беларусаў каля Лідзкага замку на фэсьце LIDBEER з нацыянальнымі сьцягамі слухаюць Крамбамбулю й забаронены ў Расеі ўкраінскі гурт «Океан Эльзы», скандуючы «Жыве Беларусь» і не аднойчы згадваючы Аршанскую перамогу.

Падаецца, што ўлада паступова й падступна забірае ў апазыцыі ініцыятыву на патрыятычныя даты і імпрэзы. У гэтым сэнсе Ворша 1514 і гетман Канстанцін Астрожскі набываюць для ўлады вагу як пакуль нескарыстаны, але важкі рэсурс у халодным змаганьні з Масквой.

Можа быць, як Альгерд паўстаў у Віцебску, гэтак і Астрожскі паўстане пад Воршай, і ня з сокалам на руцэ, але з гетманскай булавой выпрастанай у кірунку Смаленска. Такая лёгіка бягучых падзеяў.

Пакуль выглядае, што гэты помнік ужо існуе ва ўладнай кішэні, хоць і ў выглядзе дулі, але накіраванай у той самы бок.

Меркаваньні, выказаныя ў блогах, перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG