Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Сьледзтва: магілёўскія мытнікі прапускалі ў Расею санкцыйныя тавары за хабар


Галоўны фігурант справы Сяргей Карпушэнка. Яго выводзяць з судовай залі

Магілёўскія мытнікі за хабар прапускалі ў Расею сельскагаспадарчую прадукцыю з краінаў Эўрапейскага Зьвязу.

Злачынная групоўка зь пяці супрацоўнікаў мытні за ўзнагароджаньне спыняла адміністрацыйныя справы на тых, хто правозіў такую прадукцыю. Хабар бралі ў расейскіх рублях і амэрыканскіх далярах. За чатыры месяцы 2016 году, паводле сьледзтва, мытнікі набралі хабару на больш чым 5 тысяч даляраў і 150 тысяч расейскіх рублёў.

Фігуранты справы і выстаўленыя ім абвінавачваньні
Фігуранты справы і выстаўленыя ім абвінавачваньні

Асноўны фігурант справы — былы начальнік аддзелу барацьбы з кантрабандай мытні — віны не прызнае

Як вынікае з матэрыялаў справы, стварыў злачынную групоўку начальнік аддзелу барацьбы з кантрабандай і адміністрацыйнымі мытнымі правапарушэньнямі Магілёўскай мытні Сяргей Карпушэнка. Ён — асноўны фігурант справы, якую разглядае Ленінскі суд Магілёва.

30 жніўня ў судзе зачыталі абвінавачваньне Карпушэнку. Яму інкрымінуецца неаднаразовае атрыманьне хабару ў асабліва буйным памеры. У абвінавачваньні згадваюцца прынамсі 7 эпізодаў атрыманьня мытнікам хабару. Затрымалі Карпушэнку 27 ліпеня 2016 году.

Сваёй віны Карпушэнка не прызнае. Настойвае, што фактаў супрацьзаконнай дзейнасьці не было. Трымаецца на працэсе спакойна.

«Факты справы сфальшаваныя, а разгляд справы справакаваны. Ні па адным факце не прызнаю сваёй віны», — заявіў Сяргей Карпушэнка.

Сьледзтва: Карпушэнка стварыў злачынную групоўку з падначаленых

З агучанага абвінавачваньня вынікае, што Карпушэнка наважыўся на злачынства, калі выконваў абавязкі намесьніка начальніка Магілёўскай мытні па праваахоўнай працы. Ад сакавіка да 27 ліпеня 2016 ён неаднаразова і ўмысьля атрымліваў матэрыяльныя каштоўнасьці за спрыяльнае вырашэньне пытаньняў, якія ўваходзілі ў ягоную кампэтэнцыю.

Першы хабар, як высьветліла сьледзтва, Карпушэнка разам з сваім падначаленым старшым опэрупаўнаважаным Сяргеем Бякешкам узялі ў сьнежні 2014 году.

Паводле абвінавачваньня ў 2016 годзе Карпушэнка браў хабары і дзяліў іх з тым жа Бякешкам, а таксама старшымі опэрупаўнаважаным Дзянісам Даніловічам, Сяргеем Бежалевым ды опэрупаўнаважаны Кірылам Сідарэнкам.

Давалі хабар зацікаўленыя ў спрыяльным вырашэньні пытаньняў з правозам тавараў

У поле зроку службоўцаў траплялі асобы, якія былі зацікаўленыя ў тым, каб за матэрыяльнае ўзнагароджаньне спрыяльна вырашаліся пытаньні па адміністрацыйным справам, аднесеным да кампэтэнцыі мытных органаў. У выніку канфіскаваны тавар вярталі ўладальніку. Мытнікам давалі хабар таксама, каб пазьбегчы пагрозы затрыманьня машыны з таварам.

Абвінавачваньні іншым чальцам групоўку агучаць пазьней. Зь папярэдняга слуханьня справы вядома, што Даніловіч, Бякешка і Бежалеў прызналіся ў атрыманьні хабару і крадзяжы. Абавязаліся садзейнічаць сьледзтву.

Пад вартай грамадзяне Азэрбайджану

На лаве падсудных і пад вартай трое грамадзян Азэрбайджану: Бахціяр Гурбанаў, Галіб Сулейманаў і Назім Шырынаў. Іх вінавацяць у дачы хабару, а таксама ў крадзяжы.

Адзін з абвінавачаных азэрбайджанцаў
Адзін з абвінавачаных азэрбайджанцаў

Адвакат Шырынава хадайнічаў перад судом, каб ягонаму падабароннаму зьмянілі меру зьняволеньня на падпіску пра нявыезд. Спаслаўся на тое, што ў падсуднага хворае сэрца. Хадайніцтва судзьдзя Вольга Бекешева не задаволіла. Яна заявіла, што стан здароўя абвінавачанага дазваляе ўтрымліваць яго ў турме. Неабходнае лячэньне і мэдычныя прэпараты там ёсьць.

Зьняволеныя грамадзяне Азэрбайджану не зьвярталіся па дапамогу ў амбасаду сваёй краіны. На працэс прыйшлі родзічы і знаёмцы падсудных.

Яшчэ трое фігурантаў знаходзяцца на волі. Роля Андрэя Гомана, Людмілы Маёравай ды Тацяны Ілюшанай у справе будзе агучаная пазьней. Гомана і Маёраву вінавацяць у крадзяжы, а Ілюшану — у атрыманьні хабару.

Ваша меркаваньне

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG