Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Гомельскіх мытнікаў судзяць за тое, што дазвалялі за хабар увозіць у Беларусь несэртыфікаваныя харчы


Абвінавачаныя за шклом. Месца на лаве падсудных хапіла ня ўсім

28 ліпеня cуд Цэнтральнага раёну Гомлі, які распачаў разгляд крымінальнай справы па абвінавачваньні групы гомельскіх мытнікаў у хабарніцтве і злоўжываньнях службовымі паўнамоцтвамі, адхіліў хадайніцтвы двух былых супрацоўнікаў Гомельскай мытні на зьмяненьне меры стрыманьня і скасаваньне абвінавачваньня.

Абвінавачаныя па справе — службоўцы Гомельскай мытні і прадстаўнікі некаторых камэрцыйных структураў — усяго 18 чалавек.

Паводле вэрсіі сьледзтва, прадпрымальнік з Азэрбайджану, які мае від на жыхарства ў Беларусі, увозіў «мэрсэдэсам» з Расеі кавуны без фітасанітарных сэртыфікатаў ды некаторыя іншыя харчовыя прадукты. І каб мытнікі, якія працавалі ў мабільных групах на пункце кантролю «Селішчы» ў Добрускім раёне, не перашкаджалі правозу, прадпрымальнік праз афіцыянтку прыдарожнай кавярні «Пілігрым» даваў хабар — у эквіваленце 30 беларускіх рублёў, іншым разам 25 ці нават 20. Фігуравалі ў разьліках пераважна расейскія грошы. Бывала, разьлічваўся і сам прадпрымальнік. Бралі хабар, паводле высноваў сьледзтва, найперш двое мытнікаў, якія пасьля дзяліліся зь іншымі.

Як сьцьвярджае сьледзтва, групу ачольвалі кіраўнікі апэратыўна-пошукавага аддзелу й аддзелу барацьбы з кантрабандай. Долю начальнікам нібыта прывозілі ў офіс Гомельскай мытні на вуліцы Інтэрнацыянальнай і клалі ў «сярэднюю скрыню стала».

Сямёра абвінавачаных знаходзяцца пад хатнім арыштам або пад падпіскай пра нявыезд, двое вызваленыя з-пад варты, бо ўнесьлі за сябе заклад. Яны прыйшлі ў суд самастойна. Адзінаццаць фігурантаў справы даставілі ў суд са сьледчага ізалятару, дзе яны знаходзяцца ўжо другі год.

«Я ня ўчыняў такога злачынства», — заявіў былы намесьнік начальніка апэратыўна-пошукавага аддзелу Гомельскай мытні Вячаслаў Якушаў.

«Прашу зьмяніць меру стрыманьня — вызваліць з-пад варты пад хатні арышт», — хадайнічаў былы старэйшы опэрупаўнаважаны мытні Сяргей Баслык. Ён жа заяўляў пра паклёп на свой адрас. Судзьдзя адхіліў хадайніцтвы.

Першага жніўня суд працягне зачытваць фігурантам абвінавачваньне, якое займае звыш 200 старонак у 43-томнай крымінальнай справе.

Ваша меркаваньне

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG