Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Магілёве судзяць мытнікаў — за хабар і крадзяжы


Ілюстрацыйнае фота

Пяцярым мытнікам выстаўлена абвінавачваньне ў хабарніцтве і крадзяжы шляхам перавышэньня службовых паўнамоцтваў.

На лаве падсудных — былы начальнік аддзелу барацьбы з кантрабандай і адміністрацыйнымі мытнымі правапарушэньнямі Магілёўскай мытні Сяргей Карпушэнка, старшыя опэрупаўнаважаныя Дзяніс Даніловіч, Сяргей Бякешка, Сяргей Бежалеў ды опэрупаўнаважаны Кірыл Сідарэнка.

Як было заяўлена на папярэднім слуханьні справы, Даніловіч, Бякешка і Бежалеў прызналіся ў атрыманьні хабару і крадзяжы. Абавязаліся садзейнічаць сьледзтву. Адзначалася, што яны раскаяліся.

Магілёўская мытня, ілюстрацыйнае фота
Магілёўская мытня, ілюстрацыйнае фота

Абвінавачаныя пад вартай. Іх затрымалі ўлетку 2016 году. Памер нанесенай шкоды былымі мытнікамі і іншымі фігурантамі справы будзе агучаны на судовым пасяджэньні.

На магілёўскай мытні гаварыць пра судовы працэс над былымі сваімі калегамі адмаўляюцца. Пытаньні пакідаюць без камэнтароў.

Акрамя былых супрацоўнікаў мытні ў справе праходзяць трое грамадзян Азэрбайджану: Бахціяр Гурбанаў, Галіб Сулейманаў і Назім Шырынаў. Іх вінавацяць у дачы хабару і крадзяжы. Яны таксама пад вартаю.

Падобныя абвінавачваньні выстаўленыя Андрэю Гоману, Людміле Маёравай. У хабарніцтве вінавацяць і былую загадчыцу магілёўскай крамы канфіскаваных тавараў «Ваш выбар» Тацяну Ілюшыну. Яны пазьбеглі арышту і знаходзяцца пад падпіскай пра нявыезд.

Справу разглядае Ленінскі раённы суд Магілёва. На працэсе старшынюе судзьдзя Вольга Бекешава.

Справа над былымі магілёўскімі мытнікамі разглядаецца неўзабаве пасьля агучваньня прысудаў іхным калегам з Ашмянскай мытні.

29 жніўня суд Фрунзэнскага раёну Менску абвясьціў прысуд 11 былым супрацоўнікам ашмянскай мытні. Справа слухалася амаль год, іх прызналі вінаватымі ў атрыманьні хабару ў асабліва буйным памеры.

Судовы працэс у гучнай справе ашмянскіх мытнікаў пачаўся ўвосень 2016 году. Усяго на лаве падсудных аказалася 58 чалавек. Менскі абласны суд разглядаў справы кіроўнага складу пункту пропуску «Каменны Лог». 16 фігурантаў (зь іх два бізнэсоўцы), прызналі вінаватымі і прысудзілі ім працяглыя тэрміны зьняволеньня.

Ваша меркаваньне

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG