Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Абвешчаны прысуд чарговай групе ашмянскіх мытнікаў


Суд над ашмянскімі мытнікамі, архіўнае фота
Суд над ашмянскімі мытнікамі, архіўнае фота

Суд Фрунзэнскага раёну Менску абвясьціў прысуд 11 былым супрацоўнікам Ашмянскай мытні. Справа слухалася амаль год, іх прызналі вінаватымі паводле ч. 3 арт. 430 КК «Атрыманьне хабару ў асабліва буйным памеры».

Як піша Tut.by, пяць абвінавачаных асудзілі да 5 гадоў пазбаўленьня волі, аднаго — да 5,5 года, яшчэ пяць — да шасьці гадоў. Адбываць пакараньне яны будуць у калёніі ўзмоцненага рэжыму. Чатыры чалавекі ўзятыя пад варту ў зале суду.

Пакуль ішоў суд, сем чалавек знаходзіліся пад вартай, яшчэ чацьвёра пад падпіскай аб нявыезьдзе. Паводле вэрсіі сьледзтва, злачыннай групай у складзе 58 фігурантаў быў нанесены ўрон на суму 876 тысяч даляраў і 19 тысяч эўра.

На пачатку жніўня ў Менскім абласным судзе абвясьцілі прысуд былому кіраўніцтву ашмянскай мытні, а сёньня на лаве падсудных — два намесьнікі начальніка аддзелаў і інспэктары. Мінімальная сума хабару — 2 тысячы даляраў, максымальная – 14 тысяч. Шэсьць чалавек прызналі віну часткова, пяць цалкам адмаўлялі, што бралі грошы за бесьперашкоднае праходжаньне празь мяжу фураў з кветкамі.

Судовы працэс у гучнай справе ашмянскіх мытнікаў пачаўся ўвосень 2016 году. Усяго на лаве падсудных аказалася 58 чалавек. Менскі абласны суд разглядаў справы кіроўнага складу пункта пропуску «Каменны Лог». 16 фігурантаў (зь іх два бізнэсоўцы), прызналі вінаватымі і прысудзілі ім працяглыя тэрміны зьняволеньня.

Адзіны, хто выйшаў на волю, — літоўскі бізнэсовец Артур Тураеў. Яму прысудзілі штраф 2 тысячы базавых велічынь і вызвалілі з-пад варты ў судовай залі.

Суд прызнаў групу вінаватай у тым, што некалькі гадоў яна брала хабар за бесьперашкоднае праходжаньне праз мытню машынаў з кветкамі. Каб пазьбегнуць працяглых тэрмінаў зьняволеньня, напярэдадні абвяшчэньня прысуду абвінавачваныя ўнесьлі вялікія сумы. Двое мытнікаў заплацілі па 120 тысяч даляраў, адзін — 90 тысяч, яшчэ адзін — 60 тысяч.

Астатніх абвінавачваных супрацоўнікаў пункту пропуску «Каменны Лог» працягваюць судзіць у Партызанскім, Кастрычніцкім і Заводзкім судах Менску.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG