Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ЗША: у пацярпелым ад паводкі Х’юстане ўвялі камэнданцкі час


Падчас паводкі ў Х'юстане, 27 жніўня 2017 году
Падчас паводкі ў Х'юстане, 27 жніўня 2017 году

Улады пацярпелага ў выніку ўрагану «Гарві» і выкліканай ім паводкі амэрыканскага гораду Х’юстану абвясьцілі 29 жніўня аб ўвядзеньні камэнданцкага часу, каб прадухіліць крадзяжы з эвакуяваных дамоў.

Чыноўнікі заявілі, што камэнданцкі час у чацьвёртым па колькасьці насельніцтва горадзе краіны будзе дзейнічаць з паўночы да 5:00 на няпэўны тэрмін. «Вы ня можаце ехаць ці знаходзіцца ў публічным месцы, паколькі ў нас былі праблемы з узброенымі рабаваньнямі, зь людзьмі з агнястрэльнай зброяй», — сказаў начальнік паліцыі Х’юстану Арт Асэвэда.

Рэкордныя ападкі выклікалі беспрэцэдэнтную паводку, якая прымусіла дзясяткі тысяч людзей бегчы са сваіх дамоў і шукаць прытулку на стадыёнах, у цэрквах і іншых месцах, адкрытых для часова бяздомных.

Х’юстанскія службоўцы паведамілі, што падрыхтаваліся да часовага пражываньня 19 тысяч чалавек. Амэрыканскі Чырвоны Крыж паведаміў, што даў прытулак 17 тысячам пацярпелых. Паліцыя заявіла, што выратавала больш за 13 тысяч чалавек у Х’юстане.

Раней улады паведамілі пра сама меней дзясятак сьмерцяў ад урагану «Гарві».

Падчас візыту на паўднёвы ўсход штату Тэхас 29 жніўня прэзыдэнт ЗША Дональд Трамп заявіў, што катастрофа мела «эпічныя памеры».

Паводле стану на поўнач 30 жніўня, як сьведчаць дадзеныя амэрыканскага мэтэаралягічнага сайту wunderground.com, ліўні ў Х’юстане спыніліся. Сыноптыкі не прагназуюць новых залеў прынамсі да пачатку наступнага тыдня.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG