Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ураган «Гарві» абрынуўся на ўзьбярэжжа ЗША з хуткасьцю ветру да 215 км/г


Магутны ўраган «Гарві» (Harvey) у суботу раніцай дасягнуў ўзьбярэжжа ЗША ў штаце Тэксас. Чакаюцца сур’ёзныя наступствы: у момант кантакту зь зямлёй хуткасьць ветру дасягала 215 км/г. У першыя гадзіны паступалі паасобныя паведамленьні пра пацярпелых і адключэньнях энэргіі.

Сыноптыкі называюць «Гарві» наймацнейшым ураганам за дзесяцігодзьдзі: аналягічны ўдар стыхіі Тэксас адчуў у 1961 годзе (ураган «Карла»). Прэзыдэнт Дональд Трамп абвясьціў у Тэксасе рэжым стыхійнага бедзтва.

Стыхія прыйшла надоўга: прыбярэжным раёнам, акрамя ветру, пагражае ветравы нагон вады да 1,7 м, а да сярэдзіны наступнага тыдня прагназуюцца моцныя дажджы.

Напярэдадні ўдару ўрагану мэр горада Рокпарт — першага на шляху віхуры — спрабаваў пераконваць тых, хто адмаўляўся эвакуавацца: ён заклікаў іх пісаць на запясьці свае імёны і нумар сацыяльнага страхаваньня, «каб выратавальнікам было лягчэй апазнаваць целы», перадае CNN.

Эвакуаваныя тысячы чалавек. Многія засталіся: яны зьмяталі з паліцаў крамаў прадукты, закупляліся бэнзінам на запраўках і забівалі дошкамі вокны сваіх хат.

У Рокпарте жыве каля 7 тысяч чалавек. Ураган разбурыў некалькі будынкаў у ваколіцах гораду. Інфармацыя аб пацярпелых удакладняецца, улады пацьвярджаюць, што ўнутры могуць знаходзіцца людзі. Па дадзеных ABC, у Рокпарте пацярпелі як найменей 10 чалавек.

У шэрагу гарадоў, якія апынуліся на шляху ўрагану чацьвёртай катэгорыі, разбурана інфраструктура.

На працягу тыдня чакаюцца моцныя дажджы і паводкі. Губэрнатар Тэксасу Грэг Эбат яшчэ ў сераду ўвёў рэжым стыхійнага бедэтва на тэрыторыі 30 акругаў у сваім штаце і загадзя запытаў дапамогу фэдэральных уладаў, а таксама пачаў эвакуацыю жыхароў тэрыторый, якія закране ўраган.

Яшчэ да таго, як ураган набраў поўную сілу над мацерыком, вецер пачаў валіць дрэвы ў Корпус-Крысты — найбуйнейшым горадзе штату Тэксас на ўзьбярэжжы. Цяпер паведамляецца, што там тысячы людзей засталіся без электрычнасжці, перадае «Інтэрфакс».

Калі ўраган яшчэ набліжаўся да берагу, яму была прысвоеная чацьвёртая катэгорыя паводле пяцібальнай шкалы Сафіра-Сымпсана. Хуткасьць ветру дасягнула 215 км/г.

XS
SM
MD
LG