Сьледчыя, якія прачэсвалі руіны дому, што выбухнуў у мінулую сераду ў Альканары (правінцыя Тарагона), выявілі ў меркаваным прыстанішчы барсэлёнскіх тэрарыстаў сьляды трыпэраксіду трыацэтону (TATP), вядомага як выбухоўка «маці Сатаны», паведамляе El Pais.
Калі першапачаткова пажарныя заявілі, што выбух меркавана адбыўся ў выніку ўцечкі газу з газавых балёнаў, то цяпер экспэрты сьцьвярджаюць, што там жа былі выяўленыя сьляды трыпэраксіду трыацэтону. Гэта рэчыва выкарыстоўвалася баевікамі «Ісламскай дзяржавы» ў якасьці асновы для выбуховых рэчываў пры нападах у Брусэлі і Парыжы.
Рэчыва валодае вялікай выбуховай сілай, часта не вызначаецца дэтанацыйным тэстам і лёгка запальваецца. З гэтай прычыны ў яго зьявілася мянушка «Маці Сатаны».
Выяўленьне падобнага рэчыва дазволіла паліцыі выказаць здагадку, што тэрарыстычная групоўка мела намер не абмяжоўвацца нападам ў Барсэлёне, а зьдзейсьніць і іншыя, буйнейшыя тэракты.
У выніку тэракту ў Барсэлёне ўвечары 17 жніўня загінулі 13 чалавек, больш за сотню атрымалі раненьні. Кіроўцу фургону, які зьбіў пешаходаў на вуліцы Ла Рамбла ў цэнтры гораду, удалося зьнікнуць.
Ноччу пяцёра злачынцаў зьдзейсьнілі напад на пешаходаў у горадзе Камбрыльсе за 120 кілямэтраў ад Барсэлёны; адна жанчына загінула і шэсьць чалавек пацярпелі, у тым ліку паліцыянт. Нападнікі былі забітыя паліцыяй празь некалькі гадзінаў пасьля гэтага ў Камбрыльсе пры спробе ўчыніць аналягічны тэракт.
Паводле СМІ, паліцыя падазрае ў арганізацыі злачынстваў тэрарыстычную групоўку. Чацьвёра меркаваных злачынцаў затрыманыя, пяцёра забітыя, сярод іх — меркаваны кіроўца мікрааўтобуса, які наехаў на пешаходаў у Барсэлёне.
Каталёнская паліцыя шукае чатырох падазраваных у датычнасьці да тэрактаў у Барсэлёне, усе яны ўраджэнцы Марока.