Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Барсэлёна: 13 загінулі, больш за 100 параненых з 18 дзяржаў. Беларусаў сярод іх няма


Мэдыцынскія супрацоўнікі і паліцыянты на месцы здарэньня на цэнтральным бульвары Барсэлёны Ла Рамбла, 17 жніўня 2017 году

Колькасьць пацярпелых у выніку тэракту ў Барсэлёне перавысіла 100 чалавек; некаторыя зь іх знаходзяцца ў цяжкім стане.

Пра гэта паведамляе El Pais са спасылкай на заяву мясцовых уладаў.

Інфармацыя пра колькасьць пацярпелых на працягу ночы пастаянна зьмянялася.

На раніцу 18 жніўня вядома, што 15 пацярпелых знаходзяцца ў цяжкім стане, яшчэ 23 чалавекі атрымалі раненьні сярэдняй ступені цяжкасьці.

Вядома, што ў выніку тэракту пацярпелі грамадзяне ня менш як 18 дзяржаў: Францыі, Нямеччыны, Гішпаніі, Нідэрляндаў, Аргентыны, Вэнэсуэлы, Бэльгіі, Аўстраліі, Вугоршчыны, Пэру, Паўночнай Ірляндыі, Грэцыі, Кубы, Македоніі, Кітаю, Італіі, Румыніі і Алжыру.

Увечары 17 жніўня ў цэнтры Барсэлёны мікрааўтобус заехаў у натоўп людзей у турыстычным квартале Рамбла.

У выніку тэракту загінулі 13 чалавек. Двое з тых, хто нападаў, былі затрыманыя паліцыяй, трэцяга застрэлілі ў перастрэлцы.

«Ісламская дзяржава» заявіла пра сваю адказнасьць за напад.

У ноч на 18 жніўня ў горадзе Камбрыльс, разьмешчаным у 130 км ад Барсэлёны, аўтамабіль наехаў на пешаходаў, пацярпелі сем чалавек. Паліцыя прызнала інцыдэнт тэрактам.

Падчас перастрэлкі праваахоўнікі забілі на месцы чатырох тэрарыстаў, пяты памёр ад ранаў. На тэрарыстах былі камізэлькі з выбухоўкай.

Ваша меркаваньне

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG