Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Храналёгія тэрору: сотні загінулі ў тэрактах у Эўропе за апошнія гады


14 чалавек загінулі ў выніку наезду фургона на натоўп у цэнтры Барсэлёны 17 жніўня. Цягам апошніх двух з паловай гадоў у краінах Эўразьвязу адбыліся каля двух дзясяткаў маштабных тэрактаў, многія зь якіх — з выкарыстаньнем аўтамабіляў. Свабода нагадвае самыя трагічныя здарэньні.

Згодна з дадзенымі Эўраполу, у 2015 годзе 151 чалавек загінуў (360 пацярпелых) у выніку тэрактаў на тэрыторыі краінаў — сяброў Эўразьвязу, у 2016-м — 142 загінулыя (379 пацярпелых). За два мінулыя гады еўрапейскія праваахоўнікі налічылі 353 удалыя і няспраўджаныя спробы ўчыніць тэракт.

Прыгадаем здарэньні, што пацягнулі за сабой найбольшую колькасьць людзкіх ахвяраў.

2017

У ноч на 19 чэрвеня на поўначы Лёндана (Вялікая Брытанія) фургон пратараніў натоўп вернікаў ля мясцовага мячэту. Адзін чалавек памёр на месцы, яшчэ 10 атрымалі пашкоджаньні. Паліцыя арыштавала кіроўцу фургона Дарэна Осбарна, назваўшы здарэньне відавочным нападам на мусульман.

Лёндан, 19 чэрвеня 2017 году
Лёндан, 19 чэрвеня 2017 году

Увечары 3 чэрвеня мікрааўтобус учыніў наезд на пешаходаў на Лёнданскім мосьце ў цэнтры брытанскай сталіцы, пасьля чаго трое мужчын выскачылі з машыны і сталі кідацца на людзей з нажамі. У выніку тэракту загінулі восем чалавек, некалькі дзясяткаў атрымалі раненьні.

Лёндан, 3 чэрвеня 2017 году
Лёндан, 3 чэрвеня 2017 году

22 траўня на гарадзкім стадыёне ў Манчэстэры (Вялікая Брытанія) падчас канцэрту амэрыканскай сьпявачкі Арыяны Грандэ адбыўся выбух. Падрыў ажыцьцявіў сьмяротнік Салман Абэд. Загінулі 22 чалавекі, у тым ліку 12 дзяцей, яшчэ 59 шпіталізавалі. Адказнасьць за тэракт узяла тэрарыстычная групоўка «Ісламская дзяржава».

Салідарныя з ахвярамі тэракту ў Манчэстэры. 23 траўня 2017 году
Салідарныя з ахвярамі тэракту ў Манчэстэры. 23 траўня 2017 году

20 красавіка 39-гадовы нараджэнец Францыі Карым Шарфі страляў па паліцэйскім фургоне на Элізэйскіх Палях у Парыжы (Францыя) падчас трансьляцыі перадвыбарчых праграмаў кандыдатаў у прэзыдэнты. Загінуў адзін чалавек, двое пацярпелі. Адказнасьць за тэракт узяла «Ісламская дзяржава».

Парыж, 20 красавіка 2017 году
Парыж, 20 красавіка 2017 году

7 красавіка на галоўнай пешаходнай вуліцы Стакгольму (Швэцыя) грузавік на вялікай хуткасьці ўрэзаўся ў людзкі натоўп. Пяцёра загінулі, 14 атрымалі пашкоджаньні рознай ступені цяжкасьці. За стырном грузавіка быў 39-гадовы ўзбэк Ахмат Акілаў, які незадоўга да здарэньня папоўніў шэрагі «Ісламскай дзяржавы».

Стакгольм, 7 красавіка 2017 году
Стакгольм, 7 красавіка 2017 году

22 сакавіка брытанскі грамадзянін Халід Масуд накіраваў аўтамабіль на мінакоў на Вэстмінстэрскім мосьце ў Лёндане, што месьціца ля будынка парлямэнту. У выніку пяць чалавек загінулі і яшчэ 50 атрымалі раненьні. Нападніка ліквідавала паліцыя.

Лёндан, 22 сакавіка 2017 году
Лёндан, 22 сакавіка 2017 году

Раніцай 3 лютага ў Парыжы невядомы з мачэтэ накінуўся на вайсковы патруль ля Луўра. Пры гэтым ён выкрыкваў «Алах Акбар!». Адзін з вайскоўцаў атрымаў лёгкія раненьні, а нападніка цяжка паранілі. Улады Францыі заявілі аб «тэрарыстычным характары» нападу.

Вайсковы патруль ля Луўра, 3 лютага 2017 году
Вайсковы патруль ля Луўра, 3 лютага 2017 году

2016

19 сьнежня грузавік пратараніў калядны кірмаш у цэнтры Бэрліну (Нямеччына) — 12 чалавек загінулі, 48 былі шпіталізаваныя. Абвешчаны ў вышук падазраваны 24-гадовы тунісец Аніс Амры, які кіраваў аўтамабілем, быў забіты ў Міляне ў перастрэлцы з паліцыяй. Тэрарыст быў зьвязаны з тэрарыстычнай групоўкай «Ісламская дзяржава».

Канцлер Нямеччыны Ангела Мркель (другая зьлева), міністар унутраных спраў Нямеччыны Томас дэ Мэзьер (трэці зьлева) і бэрлінскі мэр Майкл Мюлер (зьлева) стаяць ля імправізаванага мемарыялу ахвярам нападу ў Бэрліне
Канцлер Нямеччыны Ангела Мркель (другая зьлева), міністар унутраных спраў Нямеччыны Томас дэ Мэзьер (трэці зьлева) і бэрлінскі мэр Майкл Мюлер (зьлева) стаяць ля імправізаванага мемарыялу ахвярам нападу ў Бэрліне

У ноч на 25 ліпеня ў баварскім горадзе Ансбах (Нямеччына) выбух прагрымеў каля месца правядзеньня музычнага фэсту. У той момант звыш 2 тысяч наведнікаў вярталіся дадому. Загінуў выхадзец з Сырыі, які і лічыцца выканаўцам тэракту. Адказнасьць за злачынства ўзяла на сябе «ІД».

Ансбах, 25 ліпеня 2016 году
Ансбах, 25 ліпеня 2016 году

22 ліпеня ў Мюнхене (Нямеччына) ў выніку страляніны ў McDonald’s і гандлёвым цэнтры загінулі дзевяць чалавек, 21 быў паранены. Нападнік —18-гадовы нямецкі грамадзянін іранскага паходжаньня. Уцёкшы зь месца злачынства, ён застрэліўся. Паліцыя не знайшла сувязяў тэрарыста з «ІД».

Мюнхен, 22 ліпеня 2016 году
Мюнхен, 22 ліпеня 2016 году

18 ліпеня ў прыгарадным цягніку Баварыі 17-гадовы ўцякач з Афганістану напаў на пасажыраў з нажом і сякерай. У выніку інцыдэнту пацярпелі 15 чалавек, чацьвёра зь іх атрымалі цяжкія раненьні. Праваахоўнікі ліквідавалі злачынцу. «ІД» узяла адказнасьць за тэракт.

Паліцыя ля прыгараднага цягніку Баварыі, 18 ліпеня 2016 году
Паліцыя ля прыгараднага цягніку Баварыі, 18 ліпеня 2016 году

Увечары 14 ліпеня кіроўца грузавіка пратараніў натоўп на набярэжнай Ніцы (Францыя), куды людзі прыйшлі паглядзець фэервэрк з нагоды Дня ўзяцьця Бастыліі. Паводле відавочцаў, грузавік не спыняўся цягам двух кіламетраў, а ягоны кіроўца таксама пачаў страляць у мінакоў. Ахвярамі атакі сталі 84 чалавекі. Паліцыя забіла нападніка, якім аказаўся тунісец Махамад Булель.

Ніца, 14 ліпеня 2016 году
Ніца, 14 ліпеня 2016 году

22 сакавіка тры сьмяротнікі «Ісламскай дзяржавы» з бэльгійскімі пашпартамі падарвалі сябе ў аэрапорце Брусэлю (Бэльгія) і ў цягніку мэтро ў бэльгійскай сталіцы. Загінулі 32 чалавекі, 300 атрымалі раненьні. Паліцыя знайшла сувязі з папярэднім тэрактам у Парыжы.

Брусэль пасьля атакі, акцыя салідарнасьці
Брусэль пасьля атакі, акцыя салідарнасьці

2015

13 лістапада ўвечары ў Парыжы адбылася сэрыя тэрактаў. Невядомыя адкрылі стральбу ў адным з рэстаранаў, захапілі закладнікаў на рок-канцэрце ў тэатры «Батаклан», выбухі прагучалі непадалёк ад стадыёну «Стад дэ Франс», дзе праходзіў матч футбольных зборных Францыі і Нямеччыны. Загінулі 130 чалавек, 368 пацярпелі. Паліцыя ліквідавала сямёра нападнікаў. Большасьць зь іх мелі францускае альбо бэльгійскае грамадзянства, усе ўдзельнічалі ў ваенных дзеяньнях на баку «Ісламскай дзяржавы» ў Сырыі. «ІД» узяла на сябе адказнасьць за тэракт.

Парыж, 13 лістапада 2015 году
Парыж, 13 лістапада 2015 году

7 студзеня два мужчыны ўварваліся ў рэдакцыю сатырычнага часопіса Charlie Hebdo у Парыжы і пачалі страляць. Ахвярамі нападу сталі 12 чалавек, больш за 20 атрымалі раненьні. Нападнікі — Саід і Шарыф Куашы, дзеці алжырскіх эмігрантаў. Пагоня за тэрарыстамі, што мелі сувязі з емэнскім аддзяленьнем «Аль-Каіды», цягнулася двое сутак. У выніку браты Куашы былі ліквідаваныя.

Парыж, 7 студзеня 2015 году
Парыж, 7 студзеня 2015 году

Ваша меркаваньне

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG