Лінкі ўнівэрсальнага доступу

— Какая уліца? Бруля? — з усьмешкай перапытаў мяне малады, з выгляду цалкам і паўсюль прасунуты клерк банка.

Ці то ад гэтай хамаватай усьмешкі (маўляў, якіх толькі чудзікаў няма сярод беларускіх пісьменьнікаў), ці то ад перакручанага прозьвішча клясыка, ці то ад ганарлівага невуцтва, але я ня змог сябе стрымаць…

Збоку, напэўна, гэта выглядала жахліва. Я крычаў на ўвесь банк нейкія правільныя словы. Пра тое, што «як можна ня ведаць народнага пісьменьніка!», пра тое, што «гэта ўсё адно, што ў Расеі Пушкіна назваць Тушкіным», пра тое, што «дзе Вы жывяцё»… Я выглядаў, відаць, разьюшаным вэтэранам нацыянальнага руху. Пабарвавеў, з роту ў мяне ляцела сьліна. Не хапала толькі кіёчка і барэта на галаве. Але маладзён ад пабачанага пэрформансу перастаў лыбіцца і сказаў «ізьвініце».

Вярнуўшыся дахаты, на вуліцу Янкі Брыля, я выйшаў на балькон пакурыць. Успомніў, як ехаў па гэтай вуліцы ў кампаніі з Генадзем Бураўкіным. Спачатку ехалі па вуліцы Гурскага. Затым завярнулі на Брыля. «Які праспэкт! Сёньня ж пазваню Гілевічу. Ён пытаўся, што за вуліцы далі імя Янкі. Цудоўна! Велічна!» Няўжо гэта так для іх важна? — падумалася мне тады. Але, пазіраючы на шырачэзную вуліцу, якая забудоўваецца шматпавярховікамі, разумею, што важна. Можа быць, важней за месца пахаваньня.

Калі глядзець на літаратуру, параўноўваючы выгляд вуліц, дык «Бруль ці Брыль» быў пісьменьнік — огого! Ня тое, што Гурскі. Той, відаць, зусім быў сумны пісьменьнік. Пра заводы нейкія, напэўна, страчыў. Пра пляны перавыкананыя. Пушкін — гэта быў, па ўсім бачна, ваенны мэмуарыст. Бо са страшэннага Жукава адразу трапляеш на шэрага, аднастайнага, нуднага Пушкіна. Ня тое, што Багдановіч з Купалам! Гэтыя, відаць, пісалі вершы прыгожыя. Купала пра прыроду. А Багдановіч пра старыну ўсякую. Але напісаў больш за Купалу. Шамякін? Той амаль нічога не пісаў. Пару кніжак якіх незаўважных. Зусім нічога вартага не стварылі Куляшоў з Панчанкам. І ці былі ўвогуле такія пісьменьнікі, як Васіль Быкаў ці Алесь Адамовіч? Ня кажучы пра Караткевіча.

Пасьля мне стала няёмка перад банкаўскім клеркам. Бо той, дзякуй сталічным тапанімістам, будзе ведаць Янку Брыля. Я ж, па вялікім рахунку, у дадатак да вуліцы ведаў некалькі мініяцюр. У той жа дзень я дастаў з паліцы даўно набытую кнігу. І чым больш чытаў, тым больш хацелася.

Брыля немагчыма чытаць запоем. Ягонае пісаньне трэба смакаваць. Вяртаючыся да рэдкага, нідзе раней ня чутага слова. Да ягоных гумарных гаваруноў зь «Ніжніх Байдуноў» хочацца вяртацца пастаянна. Не як да старога анэкдоту. А як да майстра іх распавядаць. Без аповесьці «Золак, убачаны здалёк» немагчыма зразумець жорсткія норавы жыцьця ў міжваеннай Заходняй Беларусі. А калі дзеці вырастуць і захочуць дазнацца, што такое «вялікі тэрор», я ім перш-наперш дам «Муштук і папку».

Чым болей чытаеш Брыля, тым значнейшым робіцца твой адрас. Я жыву на вуліцы вялікага пісьменьніка.

Меркаваньні, выказаныя ў блогах, перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.

Ваша меркаваньне

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG