Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Новая чытанка пра БНР і тое, чаму гэта трэба ведаць кожнаму беларусу.

— Памятаеш, ты пытаўся пра нявыкарыстаныя актывы БНР? — спытаў Банкір. — Вось самы сьвежы прыклад. У Вільні на Замкавай гары знайшлі парэшткі пахаваных там паўстанцаў 1863 году, і цяпер пацьвердзілася, што адзін зь іх — Зыгмунт Серакоўскі. Пры чым слова «знайшлі» я б узяў у двукосьсі. Бо ўсе, хто жыў у Вільні да вайны або цікавіўся тэмай, заўсёды ведалі пра гэтае пахаваньне і пра тое, што там ляжаць Каліноўскі, Серакоўскі, Калышка, Ішора і іншыя. Проста не ўздымалі гэтую тэму.

— А ў чым актыў? — спытаўся Маленькі Прынц.

— Нацыянальны пантэон герояў — тое, на чым гадуюцца пакаленьні. Ніякая кніжка не засьведчыць пра гісторыю нацыі лепей за пантэон.

— А чаму мала хто ведаў і маўчалі?

— Беларусы не хацелі пакрыўдзіць літоўцаў, а літоўцы сьцьвярджалі, што ніякага пахаваньня там няма. Увогуле гэта прыклад таго, што недарэчна рэзаць гісторыю як тэрыторыю. Уяві сабе літоўскага настаўніка, які кажа дзецям, што на гары Гедыміна пахаваныя беларускія героі. Як яны туды патрапілі? Давялося б разбураць стройную канцэпцыю нацыянальнага міту і канчаткова заблытаць малым глузды. А цяпер уяві беларускага настаўніка, які распавядае, што нашы героі пахаваныя ў горадзе Вільнюс. І гэта пры тым, што Літва ў нас шмат гадоў лічыцца «дальнім замежжам». Дык чаго яны ў той Вільнюс папёрліся, калі яны — беларускія героі? Таму на доўгія гады тэму папросту замарозілі, быццам ніякага пахаваньня і не было. Нават калі 16 гадоў таму мы пачалі яе дасьледаваць, літоўскія навукоўцы стаялі на сваім — не было. І ў Беларусі традыцыйна прамаўчалі. Дзесяць гадоў таму была новая спроба актуалізаваць тэму — вынік той самы.

І тады здарылася неверагоднае. Дакладна як у Бібліі. Паўстанцы выйшлі з магіл «на ўваскрашэньне жыцьця». Летась увосені Замкавая гара «паплыла», пачаліся апоўзьні і парэшткі пахаваных агаліліся. Быццам ня ў змозе надалей трываць гэтае маўчаньне пра сябе. Мы тут! — вось усё, што яны хацелі сказаць. Пара з намі нешта рабіць. І што адбылося? Гэта, магчыма, не яны, — сказалі навукоўцы. Мы ня можам дакладна сказаць, ці яны гэта. Мы ніколі не даведаемся, ці гэта яны. Але цуды здараюцца не для таго, каб іх так проста было адпрэчыць. Знайшоўся доказ — пярсьцёнак Серакоўскага. Першы пайшоў. У мяне няма сумневу, што і Каліноўскі там.

Пасьля таго, як парэшткі выйшлі на белы сьвет, літоўцы зьмянілі думку і прызналі пахаваньне паўстанцаў на гары. Трэба ўлічыць, што зьмянілася пакаленьне літоўскіх гісторыкаў, Літва цяпер незалежная і няма патрэбы трымаць парог нацыянальнага самазахаваньня на занадта высокім узроўні. Пры тым зразумела, што беларускага нацыянальнага пантэону на гары, якая ёсьць сымбалем літоўскай дзяржаўнасьці, быць ня можа. Да таго ж невядома, ці захаваецца сама гара ці зьнікне, як гэта ўжо было зь Бекешавай гарой, што стаяла паміж Замкавай і Крыжовай і ад якой сёньня не засталося і сьледу.

— Дык трэба пантэон перанесьці ў Менск, — прапанаваў Маленькі Прынц. — Каб гэты актыў пачаў працаваць. Але ты сам кажаш, што Менск маўчыць.

— Гэта можна зрабіць толькі на дзяржаўным узроўні, — уздыхнуў Банкір. — Але для гэтага ўладам РБ трэба было б адчуць сябе ўладамі БНР і папрасіць улады Літвы перадаць ім парэшткі паўстанцаў. З максымальнай пашанай перапахаваць іх у цэнтры Менску і паставіць мэмарыял. Была б нагода таксама адкрыць музэй Паўстаньня, бо матэрыялаў пра яго ня менш, чым пра апошнюю вайну. Наколькі гэта магчыма? Тут многія фактары сёньня сыходзяцца ў адно. Сам выхад паўстанцаў з магіл, спрыяньне літоўцаў, заявы МЗС пра падтрымку беларушчыны, прызнаньне Лукашэнкам ключавой ролі БНР… Нават тое, што ў гэты час раптам узьнікае ідэя помніка Каліноўскаму ў Менску. Усё гэта нездарма. Нібы сам наш нацыянальны лёс дае ў рукі магутны актыў, не распарадзіцца якім было б проста злачынствам.

— Дык калі ўсё так выдатна, чаму ты думаеш, што могуць не распарадзіцца? — спытаў Маленькі Прынц.

— Пакуль усё ідзе як бы само сабой. Але выразных крокаў ані з боку ўладаў, ані з боку беларускіх гісторыкаў няма. Затое хапае ў нас галасоў пра тое, што ніякія яны не героі, прынамсі, не беларускія героі і ўвогуле сацыялісты… Постпраўда інтэрпрэтацыяў пакуль што перамагае факты, і скептыкі апускаюць рукі.

— Можа быць, яны ня вераць, што пантэон патрэбны, маўляў, яшчэ адзін «маўзалей»?

— Гаворка не пра магілу дыктатара-душагуба, а пра рэальных герояў, — запярэчыў Банкір. — І зладзіць пантэон можна зусім не па-маўзалейнаму. Мне згадваецца мэмарыял воінаў Карэйскай вайны ў Вашынгтоне... Зрэшты, рашэньняў можа быць мноства. У кожным разе гаворка ідзе пра творчасьць — самы галоўны нацыянальны актыў.

Працяг будзе

Ваша меркаваньне

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG